Высокатэхналагічныя аперацыі ў галіне транспланталогіі

4 февраля 2015

Высокатэхналагічныя аперацыі ў галіне транспланталогіі сёння з поспехам выконваюць не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Практычна цалкам пераабсталяваўшы сталіцу, Міністэрства аховы здароўя мае намер у найбліжэйшыя некалькі гадоў інвеставаць менавіта ў развіццё абласной медыцыны. Па кваліфікаваную дапамогу да нашых медыкаў звяртаюцца не толькі суайчыннікі. Толькі за мінулы год з-за мяжы ў Беларусь прыехала некалькі тысяч іншаземцаў. Адным з прыкладаў паспяховага падыходу ў справе мадэрнізацыі галіны медыцынскіх паслуг стала 2-ая Мінская клінічная бальніца - найстарэйшая з цяпер дзеючых і адна з самых сучасных у Беларусі. З падрабязнасцямі - Паліна Іванча.

Гэты пацыент яшчэ нават не нарадзіўся. Дактары 2-ой Мінскай клінічнай бальніцы, мабыць, адзіныя ў Беларусі, хто можа ў літаральным сэнсе сканіраваць арганізм дзіцяці на 13-ым тыдні цяжарнасці маці. Паставіць дакладны дыягназ або, наадварот, развеяць боязь.

Руслан Саковіч, загадчык рэнтгенаўскага аддзялення 2-ой Мінскай клінічнай бальніцы: "Акрамя гэтага, мы можам вельмі інфарматыўна ацэньваць стан самой цяжарнасці, стан каляплодных вод, стан плацэнты. Калі ёсць нейкія змяненні з боку самой цяжарнай, як вы бачыце, трапляюць у зону даследавання і тазасцегнавыя суставы, і пазваночнік выдатна бачны".

З дапамогай гэтага магнітна-рэзананснага тамографа радыёлагі могуць выявіць змены, якія не бачыць ніводны рэнтген: на звышранняй стадыі дыягнаставаць эпілепсію, мігрэнь, хваробы Альцгеймера і Паркінсона.

Другая клінічная бальніца была заснаваная ў 1799 годзе пры Свята-Траецкім жаночым уніяцкім манастыры. Сёння гэта найстарэйшы медыцынскі комплекс з цяпер дзеючых у Беларусі і адзін з самых сучасных.

31 студзеня 2012 года бальніца адзначыла наваселле. Новы корпус разлічаны на 455 стацыянарных месцаў. За год жа дактары другой клінічнай прымаюць парадку 17 тысяч пацыентаў, пры гэтым не толькі з беларускай прапіскай.

Па дыягностыку сэрца сюды прыязджаюць практычна з усёй постсавецкай прасторы, а таксама з Італіі, Францыі. Адна з найбольш запатрабаваных сучасных тэставых паслуг - ультрагукавое даследаванне сэрца з так званым навязваннем рытму.

Марына Новікава, загадчыца аддзялення функцыянальнай дыягностыкі Мінскага гарадскога кардыялагічнага цэнтра: "Калі пацыент перанёс інфаркт міякарда, у яго ёсць пэўная зона паражонага міякарда, але побач з зонай паражонага міякарда можа быць участак жывога міякарда, але ён знаходзіцца ў аглушаным стане. А калі мы даём пэўную нагрузку нашаму сэрцу, мы бачым, што аглушаны міякард можа стаць жывым міякардам, і тады гэтаму пацыенту мы сапраўды можам аказаць вельмі добрую кардыёхірургічную дапамогу".

Гэтага трансплантолага Брэсцкай абласной бальніцы пацыенты называюць сваім хросным. Некалькі дзён таму Расціслаў Баўфалік стаў першым рэгіянальным доктарам Беларусі, які паспяхова правёў аўтатрансплантацыю лёгкага.

Расціслаў Баўфалік, загадчык аддзялення таракальнай хірургіі Брэсцкай абласной бальніцы: "Гэта аперацыя выгадная тым, што яна не патрабуе імунасупрэсіўнай тэрапіі. Аўтатрансплантацыя лёгкага - гэта ўсё сваё, так што арганізм пераносіць усё добра, без праблем. Усё пытанне ў тэхнічных момантах аперацыі: швы вытрымалі, бронхі вытрымалі".

Яшчэ адзін медыцынскі дэбют у рэгіёне - трансплантацыя сэрца. Усяго ж толькі ў студзені ў Брэсцкай абласной бальніцы правялі 8 высокатэхналагічных аперацый, у тым ліку па перасадцы ныркі і печані. Практычна цалкам пераабсталяваўшы сталіцу, Міністэрства аховы здароўя Беларусі мае намер у найбліжэйшыя некалькі гадоў інвесціраваць менавіта ў рэгіёны.

Васіль Жарко, Міністр аховы здароўя Беларусі: "Існуе праблема з дзіцячай абласной бальніцай у Гомелі. Яна працуе, яна выконвае свае функцыі, але яна знаходзіцца ў старым непрыстасаваным будынку, таму праектныя працы сёлета будуць весціся, думаю, што ў наступным годзе мы яе ўключым у інвестпраграму, і для дзяцей мы створым усе добрыя ўмовы".

Вясной жа ўпершыню, згодна з рашэннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь стане пляцоўкай для дыскусій на міністэрскім узроўні: на міжнародную канферэнцыю ў Мінск прыедуць міністры аховы здароўя 53 краін.