Высокакваліфікаванае лячэнне ў беларускіх санаторыях - ужо брэнд

21 апреля 2015

За якасць сваіх паслуг змагаюцца айчынныя здраўніцы. Амаль траціна грашовага абароту беларускіх санаторыяў, а гэта каля 700 мільярдаў рублёў за год, ідзе на закупку новага медыцынскага абсталявання. Пра гэта заявіў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі. У тым ліку таму высокакваліфікаванае лячэнне ў беларускіх санаторыях - ужо брэнд.

Чым здзівяць гасцей у будучым сезоне, даведвалася Паліна Іванча.

Гэтаму бурштыну прыкладна 50 мільёнаў гадоў. У беларускі санаторый у Любанскім раёне яго прывезлі спецыяльна з Калінінграда. З гэтага моманту графік бурштынавага пакоя распісаны літаральна па хвілінах. Прагуляцца па сонечным камені сюды прыходзяць людзі ўсіх узростаў.

За 30 хвілін у бурштынавым пакоі арганізм чалавека атрымлівае столькі ж вітамінаў, колькі змяшчаецца ў 8 кілаграмах садавіны і агародніны. Інгаляцыі бурштынам здольныя на клетачным узроўні сыпыніць анкалогію, лячыць астму, ачысціць арганізм  ад канцэрагенаў. Як вынік - натуральнае амаладжэнне. Зрэшты, у пагоне за вечнай маладосцю госці гэтага санаторыя адпраўляюцца і на тэрапію іонамі кіслароду.

А яшчэ лячэнне п'яўкамі і пчоламі, вуглякіслыя ванны, азонатэрапія, масаж і псіхарэлаксацыя. Усяго больш за 200 відаў медыцынскіх паслуг.

Гэты басейн, па сутнасці, замяняе Мёртвае мора. Канцэнтрацыя солі ў ім настолькі высокая, што здольная ўтрымліваць чалавека на паверхні. Гэта паляпшае абмен рэчываў, цалкам расслабляе мышцы і пазваночнік, а таксама выводзіць з арганізма таксіны.

Але самая галоўная прычына, чаму санаторый нават у міжсезонне загружаны на 99,8% - гэта ўласная свідравіна з мінеральнай вадой, аналагаў якой у краіне больш няма. За год яе тут выпіваюць  50 тон.

Віктар Струнеўскі, намеснік дырэктара па медыцынскай працы і харчаванні санаторыя "Світанак-Любань": "Санаторый наш пазіцыянуецца як беларускі Трускавец. Асноўны профіль - гэта захворвання мочапалавой сферы, органы мочавыдзялення, андралагічныя паталогіі. Таму мы ў Беларусі ўпершыню з 89-га года ў гэтым кірунку працуем. Да гэтага не было тут такога профілю, і ў асноўным мы гэты профіль за сабою захавалі".

Кваліфікаваная медыцынская дапамога ў беларускіх санаторыях - ужо брэнд. Кожны год пры агульным грашовым абароце ў 2,6 трыльёна рублёў амаль траціна ідзе на закупку новага абсталявання. Сёлета ў нашых здраўніцах адпачне больш за мільён чалавек. 350 тысяч дзяцей адправяцца на аздараўленне па льготных пуцёўках.

Генадзь Балбатоўскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні: "У тым ліку ёсць магчымасць накіраваць дзяцей у замежныя санаторыі. Аб'ёмы гэтыя будуць захаваныя, за выключэннем санаторыя ў Місхоры ў Крыме. Гэта значыць у нас ёсць альтэрнатыва - Сочы, Юрмала, Туапсэ".

Планаваць адпачынак у беларускім санаторыі на гэта лета яшчэ не позна. Тым не менш варта паспяшацца, 75% пуцёвак на будучы сезон ужо выкуплена.