Выпускны баль прайшоў у Белдзяржуніверсітэце

25 июня 2019

У беларускіх ВНУ пачаліся выпускныя. Баль учора прайшоў у Белдзяржуніверсітэце. На чырвонай дывановай дарожцы - каля шасцісот лепшых выпускнікоў. Гэта выдатнікі вучобы, лаўрэаты навуковых алімпіяд і студэнты, якія дасягнулі творчых поспехаў. Галоўныя зоркі вечара - пераможцы конкурсу "Лепшы выпускнік БДУ"! Узнагароды ім асабіста ўручыў рэктар Андрэй Кароль. Акрамя гэтага, назвалі імёны ўладальнікаў званняў "Зорка БДУ" і "Студэнцкі лідар". Ну, а адметнасцю вечара стаў традыцыйны парад дэканаў і дырэктараў у мантыях. Дарэчы, баль выпускнікоў упершыню сабраў разам беларускіх і замежных студэнтаў.

Гунча Даўлетава, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ: "За гэтыя пять гадоў я паспела палюбіць Беларусь і беларускую мову. Я на ей размаўляю і чытаю вершы".

Андрэй Кароль, рэктар БДУ: "Хачу адзначыць, усе гады навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце - гэта гады, якія прайшлі ў асаблівай атмасферы, у атмасферы карпаратыўнасці. Вось сёння нейкі прамежкавы вынік. Я перакананы, што ў кожнага наперадзе вялікі шлях. Кожны яшчэ будзе шукаць свой шлях, шукаць самога сябе. Штодня, штогадзіны здаваць іспыт, дзе няма пераздач".

Выпускнікоў павіншавалі песнямі артысты студэнцкіх калектываў, а таксама ЗЕНА - прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні". Напрыканцы свята - дыскатэка пад адкрытым небам. Усяго сёлета ў спісе тых, хто атрымлівае дыплом БДУ, чатыры тысячы пяцьсот трыццаць два чалавекі.