Выпускнікі першых беларускіх агракласаў сёлета будуць паступаць у ВНУ

22 мая 2020
Першыя выпускнікі агракласаў сёлета будуць паступаць у ВНУ. Школьнікі, якія два гады акрамя асноўнай адукацыйнай праграмы вывучалі дысцыпліны, звязаныя з сельскай гаспадаркай, могуць паступаць у профільныя ўстановы адукацыі без экзаменаў - пасля сумоўя. Але толькі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Значыць, пасля заканчэння ўніверсітэта маладым спецыялістам трэба адпрацаваць пяць гадоў. Нагадаем: першыя аграрныя класы былі створаныя ў 2018 годзе. Усяго ў Мінскай вобласці іх 37. У навучанні школьнікаў прымалі ўдзел і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы рэгіёна.

Сацпакет для работнікаў АПК Мінскай вобласці


Дарэчы, пасля адпрацоўкі каля пяцідзесяці працэнтаў маладых спецыялістаў застаецца на тым жа месцы працы, яшчэ пэўная колькасць пераходзіць у іншыя гаспадаркі. А сельгаспрадпрыемствы Мінскай вобласці імкнуцца заахвоціць перспектыўныя кадры сацпакетам. А гэта магчымасць ільготнага будаўніцтва жылля, наяўнасць добрай сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці і дадатковыя матэрыяльныя выплаты.

Летась у сельгаспрадпрыемствы Мінскай вобласці па размеркаванні прыбылі 650 маладых спецыялістаў.