Выдадзена чатыры новыя слоўнікі беларускай лексікі і правапісу

20 марта 2014
Лінгвістычная падзея ў сучасным беларусазнаўстве. Святло ўбачылі чатыры слоўнікі, а гэта каля пяці тысяч старонак, якія датычацца беларускіх лексікі і правапісу. Фундаментальны падарунак не толькі ў дапамогу школам і вышэйшым навучальным установам.

Наталля Бардзілоўская пабывала на прэзентацыі выданняў.

Яны падрыхтаваны на аснове строгіх дзяржаўных норм: слоўнікі базіруюцца на Законе Рэспублікі Беларусь Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Той, хто вывучае беларускую мову ці карыстаецца ёй, у тамах знойдзе асаблівасці правапісу, што змяніліся за апошнія гады.

Правілы беларускай мовы, беларускай арфаграфіі мяняюцца кожныя 50 гадоў - 1933, 1959 гады. Сёння мы карыстаемся рэдакцыяй 2008 года. Прэзентаваныя слоўнікі, нарэшце, даюць тую адзіную лінгвістычную базу, карыстацца якой будуць школьнікі, студэнты, журналісты, прадстаўнікі бізнесу, органаў дзяржкіравання - адным словам, усіх сфер жыцця.

Чатыры тамы амаль па тысячы старонак. У іх каля 150 тысяч слоў. Формы карыстання кожным прапісаны ва ўсіх магчымых варыянтах.

Апошнія два дзесяцігоддзі прыўнеслі ў сучасную мову неверагодную колькасць новых слоў - у асноўным спецыяльных, што належаць да сфер бізнесу і камп'ютарных тэхналогій.

Уладзімір Куліковіч, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта: Гэтыя слоўнікі дапамагаюць усім астанім аўтарам, якія будуць далей прытрымлівацца агульнага стандарту, таму што слоўнік - гэта стандарт, які дазваляе нам не разбураць сістэму, а наадварот, ствараць сістэму, каб сістэма потым уплывала на характар чалавека і дапамагала чалавеку заставацца ўпэуненым у сабе і ў сваёй беларускасці!

Да прэзентацыі новавыданняў Нацыянальная бібліятэка арганізавала кніжную выставу, на якой прапанавала больш за сотню слоўнікаў беларускай мовы свайго кнігасховішча.