Вымушанае суседства духоўнага і свецкага

9 марта 2018

У Бабруйску касцёл Бязгрэшнага зачацця Прасввятой Дзевы Марыі па волі лёсу і гістарычных перыпетый дзеліць сцяну з адміністрацыйным будынкам камунальнага прадпрыемства. Празмерную блізкасць двух архітэктурных аб'ектаў нельга назваць камфортнай. І з гэтай няпростай сітуацыяй сумесна разбіраюцца як вернікі, так і ўлады.

Аб няпростым суседстве рэпартаж Іны Пілевіч.

Трапіўшы ў Бабруйск, турыст наўрад ці зверне ўвагу на гэтую пяціпавярхоўку ў цэнтры горада. Звычайная панэлька. Але на самай справе за ёй схаваны сакральны помнік пачатку ХХ стагоддзя. Такім чынам яшчэ савецкія ўлады праводзілі атэістычную кампанію.

З фасаду тыповая савецкая забудова. З тыльнага боку – сакральны помнік неаготыкі. Архітэктурная «непара» з'явілася ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Каб храм пачатку ХХ стагоддзя не кідаўся ў вочы, галоўную вежу знеслі, касцёл забудавалі «каробкай». У прыбудове размясцілі мясцовы трэст, а былую святыню пераабсталявалі пад клуб.

Хаця каталікам вярнулі святыню ў 1990-м, з наступствамі цагельнага палону даводзіцца сутыкацца дагэтуль. У касцёла і адміністрацыйнага будынка агульная не толькі сцяна, таксама прыбіральня і ўваход. Работнікі адміністрацыйнай часткі спрабуюць быць талерантнымі да песнапенняў падчас службаў. Вернікі ў сваю чаргу мірацца з казусамі суседства падчас абрадаў.

Уладальнік будынка – Бабруйскбудкомплекс - прызнаны банкрутам. Пяціпавярхоўку, як і іншую маёмасць прадпрыемства, выставілі на таргі.

Перспектыва з’яўлення новага гаспадара выклікае занепакоенасць у вернікаў. Хто набудзе «каробку» і пад якія мэты? А галоўнае - як новы гаспадар паставіцца да суседства з католікамі, а адсюль ці не ўзнікнуць праблемы з уваходам у храм? Парафіі прапанавалі аддзяліцца і ўваходзіць з боку алтара. Але такое рашэнне пярэчыць хрысціянскім канонам.

Вернікі мараць аднавіць аўтэнтычны выгляд святыні. Збіралі подпісы з просьбай перадаць адміністрацыйны будынак каталіцкай абшчыне. Але ўсе дзеянні з маёмасцю даўжніка павінны праводзіцца ў адпаведнасці з законам аб эканамічнай неплацежаздольнасці.

На праблемны лот пакуль няма ахвотных. З кожным аўкцыёнам кошт паніжаецца. У сітуацыі беспаспяховых таргоў будынак прапануюць крэдыторам у лік пагашэння даўгоў. Калі тыя адмовяцца, гэты аб'ект падлягае перадачы ў камунальную або рэспубліканскую форму ўласнасці. І толькі пасля можна разглядаць пытанне наконт перадачы панэлькі ў карыстанне парафіі. Дарэчы, прыняць удзел у аўкцыёне прапанавана і каталіцкаму прыходу. Але парафія лагічна не жадае траціцца на савецкую прыбудову, якую ўсё адно будзе зносіць.