Уводзіць дамы пасля капітальнага рамонту будуць толькі пры выкананні ўсіх работ

27 января 2019

Уводзіць дамы пасля капітальнага рамонту будуць толькі пры выкананні ўсіх работ, прадугледжаных дакументацыяй. Такая норма змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў. Нярэдкія выпадкі, калі будаўнікі працягвалі працаваць на аб'екце і пасля яго афіцыйнай здачы, а значыць павялічвалася колькасць зваротаў нездаволеных грамадзян. Толькі ў сталіцы летась такіх дамоў выявілі 159. Таксама пастановай пашыраны пералік работ пры капітальным рамонце. На іх колькасць будуць уплываць самі ўласнікі, зборы зараз будуць праводзіць яшчэ да выдачы задання на праектаванне. Акрамя таго, у жылых дамах таварыстваў уласнікаў можна будзе зрабіць рамонт з выкарыстаннем сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Андрэй Рамашка, начальнік упраўлення Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі:

"Да сённяшняга дня таварыствы ўласнікаў, якія не адлічвалі сродкі ў мясцовыя бюджэты, фактычна не мелі права ўдзельнічаць у агульнадзяржаўнай праграме капрамонту. Сёння ёсць дакладны механізм, формула разлікаў. Таварыствы ўласнікаў пры жаданні праводзіць капітальны рамонт у агульнарэспубліканскай сістэме павінны будуць унесці на рахункі мясцовых выканкамаў".

Пашырэнне спісу работ пры капрамонце жылля не паўплывае на памер адлічэнняў грамадзян.