Другой хвалі паводкі ў Беларусі не прагназуецца

27 апреля 2013

У большасці рэгіёнаў краіны ўзровень вады на рэках пачаў зніжацца. Самая праблемная рака - Прыпяць  і яе прытокі  - больш не дастаўляе клопатаў мясцовым жыхарам. У той жа час сітуацыя застаецца пад кантролем  усіх аператыўных службаў.  Асноўная ўвага зараз прыкавана да Гомельскай вобласці. За апошнія суткі паступілі паведамленні аб падтапленнях 30 дамоў у Веткаўскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Добрушскім і Светлагорскім раёнах, а таксама Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. 8 чалавек былі эвакуіраваныя і ў самім Гомелі. У цэнтры горада пад вадой апынуліся набярэжная і гарадскі пляж. Гамяльчане фатаграфуюць небывалую паводку і выкладваюць здымкі ў сацыяльных сетках. Паводле прагнозаў, цяперашняе разводдзе Сожа можа стаць самым моцным за апошнія 30 гадоў. Да небяспечнай адзнакі наблізіліся таксама Днепр і Бярэзіна. Аднак інтэнсіўнасць іх пад'ёму невялікая.  Пры гэтым, як адзначаюць у МНС, калі ў традыцыйных месцах падтапленняў становішча  ўжо нармалізаванае,  то сёлета вада прыйшла адкуль не чакалі - менавіта ў тыя рэгіёны, дзе паводкавая сітуацыя  як правіла стабільная. Узровень вады ў Заходняй Дзвіне ў Верхнядзвінскім раёне падняўся да рэкорднай адзнакі і дасягнуў амаль 11 метраў. Як гавораць мясцовыя жыхары, такое адбываецца ўпершыню за 50  гадоў. Што тычыцца другой хвалі  паводкі, якую чакалі з тэрыторыі Расіі, то на дадзены момант апаскі не пацвярджаюцца. Аднак канчатковых прагнозаў пакуль ніхто не дае. Паводле папярэдніх звестак,  вада сыдзе на працягу двух тыдняў.