Другі тунэль трэцяй лініі мінскага метро павялічыўся на 250 метраў

9 октября 2017

Работы пад зямлёй вядуцца кругласутачна. І ўжо ў маі наступнага года дарога паміж станцыямі "Вакзальная" і "Юбілейная плошча" будзе гатовая. Узвядзенне "Кавальскай Слабады" ўжо завершанае - тут вядуцца апрацоўчыя работы. Як будуць выглядаць новыя станцыі і якія выгоды чакаюць пасажыраў? Пра найбуйнейшую будоўлю краіны з-пад зямлі - Аляксандр Харавец.

Сантыметр за сантыметрам гэтая магутная тэхніка з прыгожай назвай "Алеся" ўгрызаецца ў грунт. І пракладае дарогу для электрычак. Штодня праходзіць каля 11 метраў. Першы тунэль, які звяжа станцыі "Вакзальная" і "Юбілейная плошча", гатовы. Пройдзена і 250 метраў другога. Паводле слоў Андрэя Быкава, зараз работы ідуць нашмат хутчэй.

Убачыць святло ў канцы тунэлю метрабудаўцы плануюць у маі. Пасля чаго механізаваны комплекс разбяруць і зноў перавязуць на "Вакзальную". Адгэтуль "Алеся" накіруецца ў бок "Кавальскай Слабады". Паралельна з гэтым спецыялісты пачнуць узвядзенне станцыі "Плошча Багушэвіча".

Сама ж станцыя "Вакзальная" гатовая на 80 працэнтаў. Зараз тут уладкоўваюць перасадачны вузел паміж чырвонай і зялёнай лініямі. І завяршаюць пракладку пешаходных тунэляў.

Станцыя "Плошча Леніна" знаходзіцца літаральна за гэтай сцяной. Зусім хутка будаўнікі яе зламаюць, і першая з трэцяй лініі злучацца пешаходнымі тунэлямі. Даўжыня аднаго складзе 170 метраў, другога - 252. А вось пасажыры перасоўвацца змогуць на травалатарах. Знаходзіцца яны будуць вось тут. Гэта такія стужкі, якія рухаюцца.

Станцыя "Кавальская Слабада" амаль гатовая. Тут вядуцца апрацоўчыя работы. Палова падлогі платформы выкладзеная гранітам. Сцены пакрываюць керамікай.

Першыя чатыры станцыі зялёнай лініі адкрыюць у 2019 годзе. Яшчэ праз тры гады метрабудаўцы пачнуць рухацца ўніз па трэцяй лініі ў кірунку станцыі "Слуцкі Гасцінец", а ўжо затым пачнецца ўзвядзенне станцый у кірунку Зялёнага Луга.

Акрамя таго ў кожнай станцыі будзе свой незвычайны дызайн. "Вакзальная" стане своеасаблівым працягам чыгуначнага вакзала і будзе аформленая з ім у адзіным стылі. "Юбілейную плошчу" афарбуюць у чырвоныя колеры. Прыродныя матывы лягуць у аснову афармлення "Плошчы Багушэвіча". Афармленне "Кавальскай Слабады" ўразіць пасажыраў сваёй вытанчанасцю і раскошай. Каваныя дэталі інтэр'еру ўпрыгожаць скляпенні станцыі.