Другі навальнічны вал абмінуў сталіцу

14 июля 2016

Спыніўся на подступах да сталіцы. Шторму не атрымалася ўвайсці ў Мінск. Чарговы навальнічны вал сёння навіс над Мінскам і толькі зачапіў бок горада. Ізноў назіраліся перабоі з электрычнасцю. МНС працягвае працаваць паводле плана "Пасейдон". На сувязі Карына Пашкова.

Мы зараз знаходзімся ў раёне вуліцы Няміга. Тут, а мы спецыяльна выбралі такі пункт, каб была магчымасць выйсці ў эфір і распавесці, што адбываецца ў гэтыя хвіліны ў горадзе, абсалютна суха. Скажу, што яшчэ гадзіну таму было лёгкае дэжавю. Чорныя хмары, грымоты і перабоі з электрычнасцю. Плюс да ўсяго звесткі анлайн-метэакарт паказвалі страшны малюнак: навальнічны фронт з боку Брэста ішоў у кірунку Мінска. І сапраўды, чорныя хмары накрылі горад, і ўсё гэта выглядала пагрозліва. Але прайшоў лёгкі дождж, а зараз усё распагоджваецца. І я думаю, што яшчэ некалькі гадзін - і будзе выдатнае ліпеньскае надвор'е. І як мне атрымалася даведацца ў Гідраметэацэнтры, паўтору ўчорашняга цыклону сёння не будзе. Прынамсі, нас у гэтым упэўнілі сіноптыкі. Абяцаюць ліўні, шквалісты вецер, але без разбуральных наступстваў.