Другі этап аператыўнага збору Узброеных сіл пачаўся ў Беларусі

30 октября 2014

А ў Баранавічах сёння вайскоўцы з усёй Беларусі азнаёміліся з новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі тэхнікі. Экіпіроўка салдат, зброя і нават мабільныя камандныя пункты. Вялікая частка прапанаванага ўзбраення прыме ўдзел у наступным годзе ў беларуска-расійскіх вучэннях Шчыт Саюза. На свае вочы з ваенным патэнцыялам краіны азнаёміўся Юрый Шаўчук.

Дыверсійная група з боем спрабуе прарваць ачапленне. Менавіта паводле такога сцэнарыя лакальныя канфлікты ператвараюцца ў войны. Гэтая легенда была ўзятая за аснову на першым этапе аператыўнага збору каманднага саставу ў Старадарожскім раёне.

А сёння эпіцэнтрам арміі сталі Баранавічы. Тут прайшоў другі этап аператыўнага збору Узброеных сіл Беларусі.

Юрый Жадобін, Міністр абароны Беларусі: На базе 61-й мы разглядаем пытанні арганізацыі кіравання, і тут для гэтага разгарнулі камандныя пункты ад цэнтра стратэгічнага кіравання да пунктаў батальёна, каб паказаць усяму кіруючаму саставу новыя сродкі сувязі, апаратуру перадачы дадзеных. Усе магчымасці, якімі мы зараз валодаем.

На аператыўным зборы камандзіры і старшы афіцэрскі састаў змаглі азнаёміцца з новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі тэхнікі. Экіпіроўка салдат, зброя і нават мабільныя камандныя пункты. Варта сказаць, што ўсе прапанаваныя экзэмпляры ўжо прайшлі або зараз праходзяць выпрабаванні ў баявых часцях.

Андрэй Гарбаценка, намеснік начальніка 7-га ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі: Дадзеныя пункты сапраўды пасля таго, як іх абсталявалі мадэрнізаванымі ўзорамі ўзбраення сапраўды сталі кампактнымі, мабільнымі і дазваляюць вырашаць усе пастаўленыя задачы.

Сёння ўсе падобныя камандныя пункты абсталяваныя ўнікальнымі праграмамі беларускай вытворчасці. Дзякуючы такому праграмнаму забеспячэнню ў вайскоўцаў з'явілася магчымасць, што завецца, у анлайн-рэжыме адсочваць і каардынаваць дзеянні ўсяго асабовага саставу. Ад салдата да камандзіра падраздзялення.

Сваю ўвагу камандны састаў звярнуў і на тыл беларускай арміі. У 120-й зенітна-ракетнай брыгадзе афіцэрам паказалі ў якіх умовах сёння жыве і служыць радавы салдат.

Завершыцца 2-і этап аператыўнага збору ўзброеных сіл ужо заўтра. Вынікі будуць падведзеныя на базе Ваеннай акадэміі Беларусі. Там жа вайскоўцы вызначаць прыярытэтныя задачы для курсантаў на наступны навучальны год.