Другі дзень маштабнага моладзевага форуму "ТЭМП-2015"

21 июля 2015

Другі дзень маштабнага моладзевага форуму, які ў нашай краіне аб'яднаў юнакоў і дзяўчат з васьмі краін свету. Такая пляцоўка для моладзі - унікальная магчымасць пагаварыць на актуальныя тэмы з прадстаўнікамі ўлады, бізнесу і адукацыі. Сёння шчыры і максімальна адкрыты дыялог прайшоў з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Бузоўскім.

Некалькі гадзін зносінаў і спікер адказаў на два дзясяткі пытанняў не толькі беларусаў, але і замежных гасцей.

Грашовыя бонусы пры нараджэнні дзіцяці або ўзяцці шлюбу, а яшчэ набор школьных прылад для першакласніка як падарунак. Усё гэта на адным з беларускіх прадпрыемстваў ужо працуе па ініцыятыве актывістаў прафсаюза. Кожны пункт зараз прапісалі і ў калектыўным дагаворы.

Ідэю, якую на родным прадпрыемстве ўжо рэалізавалі (а па сутнасці гэта дадатковы сацыяльны пакет), сёння Наталля Маладзянава са сваімі калегамі прэзентавала на маштабным моладзевым форуме "ТЭМП-2015". Вялікі міжнародны форум афіцыйна адкрыўся напярэдадні і аб'яднаў юнакоў і дзяўчат з васьмі краін свету.

Многія з іх ужо даўно скончылі ўніверсітэты, але сёння зноў вярнуліся да вучобы. Гэта і зразумела: у ролі выкладчыкаў тут знакамітыя прафесіяналы прамоўніцкага мастацтва і лідарскіх якасцяў. Настаўнікі такіх трэнінгаў не толькі беларусы, але і замежныя госці.

Галоўная адметнасць форуму - магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі ўлады, бізнесу і адукацыі. Шчырая і максімальна адкрытая гутарка сёння ў "тэмпаўцаў" адбылася з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нашай краіны Ігарам Бузоўскім. Неабходнасць размеркавання пасля ўніверсітэтаў, інфармацыйныя тэхналогіі на рабочым месцы і нават працягласць водпуску - за некалькі гадзін зносінаў спікер адказаў на амаль два дзясяткі пытанняў.

Кожны дзень тут аб'яднаны адной тэматыкай. Сёння гэта права і міжнародныя адносіны. Бо гэты праект - пляцоўка не толькі для зносінаў, але і акумулявання ідэй. А галоўны лейтматыў "ТЭМПу" ў цэлым - гэта аб'яднанне прафсаюзаў. А гэта ўжо адна з тэм гутаркі моладзі са Старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам. Усяго ж за пяць дзён (менавіта столькі доўжыцца форум) удзельнікі мерапрыемства сустрэнуцца амаль з дзясяткам лідараў меркаванняў нашай краіны.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Калі прафсаюзы на прафесійнай глебе аб'ядноўваюцца, гэта вялікая сіла. Яны для чаго аб'ядноўваюцца? Каб паляпшаць свае прафесійныя якасці плюс абараняць работнікаў сваёй сферы. Што датычыцца Белтэлерадыёкампаніі, наша прафсаюзная арганізацыя традыцыйна вельмі моцная. У нас нядаўна з'явіліся трэнажорная зала, більярдная, праводзяцца конкурсы, спаборніцтвы".

На думку арганізатараў форуму, часам важна ненадоўга адысці ад звыклай формы працы. І нефармальная абстаноўка - галоўны рухавік думкі. Таму ў праграме "ТЭМПу", акрамя адукацыйных трэнінгаў, абавязкова і культурныя. Гэта і школа рамёстваў пад адкрытым небам (усё з нацыянальным каларытам), і, вядома, экскурсія ў Музей Вялікай Айчыннай вайны - у год 70-годдзя Вялікай Перамогі абмінуць тэму мужнасці і гераічнасці цэлага пакалення проста немагчыма.

Ужо заўтра ўсе пункты праграмы форуму будуць аб'яднаныя тэмай "Бізнес, інавацыі, медыя- і інфармацыйныя патокі". Удзельнікі "ТЭМПу-2015" азнаёмяцца з працай журналістаў адразу некалькіх буйных выданняў, у тым ліку пабываюць і на экскурсіі ў галоўным медыяхолдынгу краіны - Белтэлерадыёкампаніі.