Уся краіна аб'ядналася ў радасці і гонары вялікіх алімпійскіх перамог

17 февраля 2014

Чатыры залатыя ўзнагароды. Яшчэ тыдзень таму, напэўна, у гэта верылася з цяжкасцю. Тры з іх на рахунку каралевы біятлона Дар'і Домрачавай. За яе хварэла сёння ўся Беларусь і мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце. Нашы карэспандэнты ў гэты хвалюючы вечар глядзелі гонку разам з усёй краінай.


Расказвае Антаніна Станкевіч. У аддзеле з тэлетэхнікай аднаго са сталічных універсамаў сабраліся аматары зімовых відаў спорту і біятлона ў прыватнасці, каго галоўны старт гэтага спаборніцкага дня заспеў па дарозе з працы дамоў. Наша здымачная група вырашыла да іх далучыцца. Давайце паглядзім.


Сумяшчае прыемнае з карысным прама на рабочым месцы і міністр спорту і турызму. Крыху пазней падцягваюцца і калегі. І хаця і па пасадзе і па статусе Аляксандру Шамко трэба мець жалезныя нервы (у мінулым ратавальнік як-ніяк), ён не можа стрымаць хвалявання. Такой напружанай Алімпіяды той, хто ведае пра спорт усё, не ўзгадае.


Юніёры таксама сціскаюць маленькія кулачкі. Будучыя біятланісты Беларусі сёння гавораць толькі пра Дашу. І быць падобнымі на пакуль двухразовую алімпійскую чэмпіёнку сёння хочуць не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі.


Эмоцыі зашкальваюць, зрэшты, для таго, каб застацца спакойным, гледзячы на такую гонку, трэба мець сапраўды жалезныя нервы.


Першая агнявая мяжа, і пакуль яшчэ рана рабіць прагнозы, але Даша Домрачава лідзіруе. І гэтаму рады ўсе без выключэння. Не могуць стрымаць эмоцый сур'ёзныя дарослыя людзі. З кожным дакладным выстралам Дашы Домрачавай міністр і калегі не могуць уседзець на месцах.


І вось, нарэшце, чацвёртая агнявая мяжа. Пасля гэтага становіцца зразумела - зноў медаль. І хутчэй за ўсё, зноў вышэйшай пробы. Самыя забабонныя балельшчыкі хочуць дачакацца фінішу і ўжо пасля парадавацца ад душы.


І, нарэшце, адбылося. Дар'я Домрачава - трохразовая алімпійская чэмпіёнка. Радуюцца дзеці, радуецца міністр спорту, балельшчыкі ў захапленні. Навіна пра чарговую перамогу Беларускай ракеты сёння без перабольшання самая радасная і абмяркоўваецца ўсюды. Гэтая перамога не пакідае абыякавым нікога: ні міністра, ні выпадковых прахожых.


Зараз Дар'ю Домрачаву па праве назавуць лепшай біятланісткай планеты. Але тым не менш Даша выключна наша. І дома яе ўжо чакаюць з нецярплівасцю.