Уступная кампанія - 2023: колькі прымуць на бюджэт, хто мае права на льготы, а хто і зусім можа стаць студэнтам без уступных іспытаў

18 апреля 2023

У беларускія ВНУ сёлета прымуць больш за 52 тыс. чалавек. На бюджэтныя месцы змогуць прэтэндаваць 28 400. Гэта на 600 абітурыентаў больш, чым летась. Што датычыцца платнай формы навучання, то план прыёму скароцяць практычна на 1,5 тыс. чалавек.

У новых правілах прыёму пашырана і колькасць катэгорый выпускнікоў, якія могуць трапіць у ВНУ аўтаматам (без вынікаў цэнтралізаванага іспыту і ЦТ). Але характарыстыка спатрэбіцца ў любым выпадку. Так, на залічэнне па льготах прэтэндуюць пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, навучэнцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, выпускнікі ліцэяў пры БДУ, Беларуска-расійскім універсітэце і Палескім дзяржуніверсітэце, калі яны паступаюць у гэтыя ВНУ. Па профільных прадметах у выпускнікоў павінен быць бал не ніжэйшы за 9, па астатніх - не ніжэйшы за 8.

Без уступных выпрабаванняў таксама могуць паступаць медалісты, яны маюць магчымасць выбраць спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай. Сёлета такіх 53.

Прыём у ВНУ на медыцынскія спецыяльнасці сёлета павялічаны на 10 %, на педагагічныя - амаль на 4. Пры гэтым скарацілі колькасць месцаў на эканамічныя і неактуальныя тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці.