Уступіла ў сілу пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем

10 августа 2018

Сённяшні дзень стане яшчэ адной важнай датай, якая збліжае Беларусь і Кітай. Уступіла ў сілу пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж краінамі. Беларусы змогуць знаходзіцца ў КНР без візы да 30 дзён у адной паездцы, але не больш за 90 дзён за год. Гэтае ж правіла дзейнічае і для кітайцаў. І магчымасцю бязвізавага ўезду ўжо сёння скарысталіся першыя турысты з Паднябеснай. Сёння іх сустрэлі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. У падарунак самаму першаму падарожніку - кветкі і сертыфікат аднаго з гатэляў, па якім можна спыніцца ў ім на працягу года. Дарэчы, калі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым, адной з першых турыстак таксама была госця з КНР.

Бязвізавы рэжым тычыцца прыватных і турыстычных паездак, а таксама бізнес-камандзіровак. Аднак віза спатрэбіцца, калі плануецца навучальная або прафесійная дзейнасць.