Уступіў у сілу загад аб увядзенні на мяжы з Беларуссю пагранзоны

7 февраля 2017

Сёння ўступіў у сілу загад кіраўніка ФСБ Расіі аб увядзенні на мяжы з Беларуссю пагранзоны. Яна расцягнулася ўздоўж усяго прыгранічча па тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей. Як на практыцы працуюць новаўвядзенні? Як змяніўся парадак перасячэння мяжы беларусамі і расіянамі? Адказы на пытанні ўжо ведае Вольга Маслоўская. Сёння яна пабывала ў прыгранічных гарадах па абодва бакі мяжы і зараз дакладна ведае - грамадзяне Саюзнай дзяржавы падчас падарожжаў нязручнасцяў не адчуюць. Далей падрабязнасці.

У беларускай вёсцы Завольша што ні сям'я, то беларуска-расійская. Яно і зразумела - прыгранічча. Да Смаленскай вобласці літаральна некалькі крокаў. А там шматлікія сваякі, гасцююць у якіх беларусы часта. І мяжа не перашкода. Бо яна, хутчэй, умоўная.

Па іншы бок мяжы сітуацыя тая ж. У Круглаўцы, што за кіламетр ад стыку дзяржаў, суседзяў лічаць сваімі, нават за прадуктамі ездзяць у беларускія сельскія магазіны.

Дакумент, які жыва абмяркоўвалі па абодва бакі мяжы, пачаў дзейнічаць сёння.

Загадам расійскай Федэральнай службы бяспекі на мяжы з Беларуссю ўведзена пагранічная зона. Яна пралегла па тэрыторыі трох рэгіёнаў, якія мяжуюць з Беларуссю: гэта Пскоўская, Смаленская і Бранская вобласці. Углыб расійскай тэрыторыі пагранзона ідзе на некалькі кіламетраў.

Як на практыцы будзе працаваць новаўвядзенне, пракаменціравалі напярэдадні вечарам прадстаўнікі ФСБ.

"Усталяванне пагранічнай зоны не прадугледжвае ажыццяўлення пагранічнага кантролю асоб, транспартных сродкаў, грузаў, тавараў і жывёлін, адкрыцця і функцыянавання пунктаў пропуску (месцаў перасячэння) цераз дзяржаўную мяжу РФ. Уезд транспартных сродкаў або праход асоб у пагранзону магчымы па дакументах, якія сведчаць асобу, альбо па спецыяльных пропусках". (Lenta.ru)

Аўтадарожны пункт пропуску "Завольша" сёння працаваў у звычайным рэжыме - без дадатковых нарадаў расійскіх пагранічных служб і чэргаў з легкавушак і велікагрузаў. А праходжанне мяжы і ў той, і ў іншы бок нічым не адрознівалася ад ранейшага рэгламенту.

Мы знаходзімся ў Смаленскай вобласці. Мяжу перасеклі на аўтамабілі. Пры сабе страхоўка на машыну, так званая грын-карта і пашпарты. На мяжы іх папрасілі прад'явіць прадстаўнікі расійскай пагранслужбы. Разам з пажаданнем шчаслівага шляху гэта заняло не больш за дзве хвіліны.

Пагранічная зона на мяжы Беларусі і Расіі існавала да лютага 95-га года. Пасля падпісання Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве яе скасавалі. З тых часоў пакінутыя на стыку дзвюх дзяржаў аўтапераходы жыхары прыгранічча называюць мастамі сяброўства.