Сустрэць Новы год на ўзлеску ў кампаніі казачных персанажаў

4 января 2016

Пагадзіцеся, такое свята запомніцца! Вось менавіта па гэтыя эмоцыі прыязджаюць беларусы, ды і не толькі яны, у аграсядзібу ў Іўеўскім раёне. Як народныя гулянні і героі беларускага фальклору прыцягваюць турыстаў у агракомплексы?

У казку патрапіў мой калега Дзмітрый Смірноў. Ціха тут не бывае. Экскурсійныя аўтобусы ў перыяд навагодніх свят прыязджаюць да чароўнага лесу амаль кожную гадзіну. Дзед Зімнік і Баба Завіруха сталі мясцовай адметнасцю, якую вывелі краязнаўцы з глыбінь беларускага фальклору.

Роднасныя сувязі ў сядзібе ў Залейках перапляліся вельмі цесна. Дзед Мароз з Белавежскай пушчы прыходзіцца іўеўскаму Зімніку родным братам.

Арганізатары гэтага турыстычнага праекта настойваюць: Зімнік спрадвечна жыў недалёка ад Іўя яшчэ 680 гадоў таму. Праўда гэта ці больш легенда, пацвердзіць цяжка. Але вось тое, што казачная сцежка, прыдуманая і створаная аніматарамі з раённага Дома культуры, стала самым папулярным навагоднім маршрутам у дзяцей, - факт бясспрэчны.

У гэтым лесе, як і належыць добрай навагодняй казцы, нечысць хаваецца літаральна за кожным паваротам. Вось і ў Салаўя-Разбойніка ёсць спецыяльна адведзенае месца, адкуль ён назірае за гасцямі.

У дзень такіх спускаў-уздымаў у разбойніцкае гняздо Салаўю прыходзіцца зрабіць мінімум 10. Ніхто не скажа, што быць казачным героем лёгка. Дарэчы, кожны касцюм, усе сцэнарыі, хатка Ягі і нават сувенірная крама - вынік доўгай працы.

Сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі апынулася цалкам паспяховым бізнес-праектам. Пра тое, што Зімнік і Завіруха папулярныя і, што важна, дакладна выбраныя вобразы беларускага фальклору, гавораць не толькі лічбы. Самая неперадузятая аўдыторыя на свеце - дзеці - ужо пяць гадоў запар прыязджае сюды зноў і зноў.