Стаць на шлях выпраўлення

10 июня 2015

І пачнём з навіны, якая для многіх стала свайго роду пунктам невяртання ў мінулае жыццё. Вольныя… Гэта слова сёння пачулі зняволеныя Гомельскай жаночай калоніі. Жанчыны трапілі пад амністыю і атрымалі магчымасць стаць на шлях выпраўлення. Усяго закон, які быў падпісаны Кіраўніком дзяржавы да юбілею Вялікай Перамогі, закрануў больш за 8 з паловай тысяч чалавек. Дакумент называюць актам міласэрнасці, бо паслабленні адносяцца, перш за ўсё, да льготных катэгорый. У Беларусі амністыя не рэдкасць. У першую чаргу таму, што дадзены акт прадугледжвае і адаптацыю асуджаных. Органы мясцовай улады і МУС прымаюць меры па бытавым і працоўным уладкаванні. Усяго некалькі метраў і агароджа з калючым дротам застаецца за спінай. Яны смяюцца і плачуць, абдымаюцца і ўсміхаюцца зусім іншай, вольнай усмешкай. Юлія Багатка амаль паўтара года не бачыла сваіх дзяцей. Старэйшаму 11, малодшаму ўсяго 3. Гаворыць, пакарала і сябе, і іх. Але затое зразумела, што самае важнае ў гэтым жыцці.

Расказвае Вольга Халадовіч.

Сёння раніцай у калоніі сабралася камісія па разглядзе спраў аб прымяненні амністыі. Тых, каму засталося менш за год адбываць пакаранне, адбіраюць у першую чаргу. У адзінай у Беларусі жаночай калоніі зараз амаль паўтары тысячы зняволеных. На волю выйдуць каля 300 чалавек. Юлія Багатка адна з іх.

Па законе аб амністыі на волю выходзяць толькі тыя, хто ўпершыню парушыў закон і не пазбавіў жыцця іншага чалавека. Як паказвае практыка, другі шанц становіцца добрым стымулам. Прыкладна 90% зняволеных, якія выйшлі па амністыі, больш ніколі не трапляюць у гэтыя сцены.

Сяргей адзін з тых, хто выйшаў на волю па амністыі сёлета. Аб сваёй правіннасці ўспамінае з хваляваннем. Гаворыць, асудзілі за ўдзел у фінансавай махінацыі адразу па трох артыкулах - 3 гады 6 месяцаў абмежавання волі. Але зараз, як і ўсе, марыць пра будучыню. І атрымаўшы працу, робіць усё, каб быць запатрабаваным спецыялістам.

Алег трапіў пад амністыю за добрыя паводзіны і добрасумленныя адносіны да працы. Прызнаецца, што пра яго хоць і дробнае, але злачынства, ведаюць не ўсе родныя. Сёння наймальнік даў Алегу другі шанц.

Сёлета амністыя, 14-я па ліку, прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі. Дакумент распрацавалі па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы і прынялі на заканадаўчым узроўні ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Штораз на волю выходзілі ад 2 да 5 тысяч чалавек. Сёлета пад дзеянне закона трапляюць 8600. 2200 зняволеных могуць пакінуць месцы пазбаўлення волі, 700 - вызваляць з устаноў адкрытага тыпу і 5700 - з крымінальна-выканаўчых інспекцый. Наперадзе ва ўсіх сацыяльная і працоўная рэабілітацыя. Праблемы з пошукам працы наўрад ці ўзнікнуць, пераконваюць спецыялісты. Толькі ў Гомельскай вобласці для гэтай катэгорыі людзей ужо забраніравана амаль тысяча рабочых месцаў.

У першую чаргу пад амністыю трапляюць пенсіянеры, непаўналетнія, інваліды і ліквідатары. Сёлета ў спісах таксама цяжарныя і жанчыны, у якіх ёсць дзеці малодшыя за 3 гады. І яшчэ адна абавязковая ўмова - пагашэнне эканамічнай запазычанасці, калі такая ёсць.

Усе, хто пакідае папраўчыя ўстановы, упэўнены, што больш ніколі сюды не вернуцца. Зараз самае галоўнае - адаптавацца да новага жыцця. І памятаць, што свой шанц пачаць усё з чыстага ліста яны ўжо выкарысталі.