Блізкім, калегам, сябрам, знаёмым. Чым сёння можна здзівіць мужчын? Кулінарны майстар-клас альбо прафесійны догляд барады - Антаніна Станкевіч паспрабавала знайсці арыгінальныя варыянты падарункаў.
Правесці бездакорны танкавы бой, абясшкодзіць бандытаў і віртуозна расправіцца з магічнымі сапернікамі. Гэтыя падлеткі сапраўдную армію яшчэ не прайшлі, але вельмі паважаюць віртуальныя «стралялкі». Займацца папулярнымі камп'ютарнымі гульнямі можна не проста для задавальнення, але і на прафесійнай аснове, сцвярджаюць педагогі кібершколы. Тут выхоўваюць будучых чэмпіёнаў у кібердысцыплінах. Прыходзяць вучыцца не толькі падлеткі. Сярэдні ўзрост наведвальнікаў - 21 год.
Жанчынам у гэтае месца ўваход не тое што забаронены, але вельмі непажаданы. Барбершоп - гэта ў першую чаргу накшталт клуба па інтарэсах. Бонус - стыльная стрыжка і, канешне ж, догляд барады. Для аматараў экстрыму прапануюць нават галенне з дапамогай небяспечнай брытвы. Майстры запэўніваюць: ад такой працэдуры кліент атрымлівае толькі задавальненне і якасны вынік.
Сёння ў сталічных магазінах сапраўдны ажыятаж: жанчыны спяшаюцца выбраць падарункі для сваіх блізкіх, сяброў і калег. Самыя вялізныя чэргі - у аддзелах з касметыкай і парфумерыяй, бялізнай. Карыстаюцца попытам гадзіннікі і канцылярскія прылады.
Варыянтаў падарункаў не так ужо і мала. Галоўнае - усё рабіць з душой і не пашкадаваць шчырых слоў.













