Усяго ў Мінску плануюць набраць больш за 10 тысяч студэнтаў-бюджэтнікаў

17 июля 2017

Сёння апошні дзень, калі абітурыенты могуць падаць дакументы на бюджэтную форму навучання ў сталічныя ВНУ. Усяго ў Мінску плануюць набраць больш за 10 тысяч студэнтаў-бюджэтнікаў. Традыцыйна высокі конкурс на прафесіі, звязаныя з міжнароднымі справамі. Сёлета 82 сталічныя выпускнікі прынеслі ў прыёмныя камісіі сертыфікаты на максімальныя сто балаў па тэсціраванні. Аляксандра Кавеліч сустрэлася з таленавітымі абітурыентамі.

100, 100 і 97. На цэнтралізаваным тэсціраванні Ксенія Сырамалот паказала адзін з самых лепшых вынікаў у краіне. Запаветныя сто балаў набрала адразу па двух прадметах – гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве. Такім чынам гарантавала сабе месца па выбранай спецыяльнасці – сацыяльнай камунікацыі.

Бацькі выдатніцы прызнаюцца: высокіх балаў чакалі, але дзве сотні ўсё ж такі сталі сюрпрызам.

А Уладзіслаў Кукоба максімум атрымаў па фізіцы. Адзін з пятнаццаці ў краіне. З будучай прафесіяй – праграміста – вызначыўся яшчэ ў шостым класе.

Толькі ў галоўнай ВНУ краіны сёлета набяруць больш за 2 тысячы студэнтаў-бюджэтнікаў. А сёння ў сталічных выпускнікоў апошні шанц вызначыцца са спецыяльнасцю і падаць дакументы на бюджэтную форму навучання.

Традыцыйна высокі конкурс на спецыяльнасці, звязаныя з міжнароднымі адносінамі, праграмаваннем і медыцынай. Часам ён дасягае 5 чалавек на месца.

Апошні дзень падачы дакументаў на бюджэтныя месцы для прыёмных камісій, бадай, самы напружаны. У сталічных ВНУ з раніцы шматлюдна. Каб атрымаць запаветнае месца, многія абітурыенты разам з бацькамі літаральна дзяжураць ля вялікіх экранаў і пільна сочаць за змяненнямі ў прахадных балах.

Калі атрымліваецца так, што балаў на бюджэтнае месца па выбранай спецыяльнасці не хапае, да 18 гадзін яе можна памяняць. Такой магчымасцю сёння вырашыла скарыстацца Анастасія Холева.

Першыя вынікі ўступнай кампаніі падвядуць увечары – пасля закрыцця прыёмных камісій. А вось падаць дакументы на платныя аддзяленні сталічных ВНУ можна будзе па 4 жніўня.