Усе тонкасці адпачынку-2016

13 марта 2016

Лепшы допінг для нашага арганізма - гэта безумоўна, адпачынак. На календары сярэдзіна сакавіка, у паветры ўсё больш выразна пахне вясной, і беларусы пачынаюць задумвацца аб водпусках. Інакш як назваць вялікія продажы толькі адной авіякампаніі на гэтым тыдні? 37 тысяч авіябілетаў за два дні - такі вынік зніжак на палёты да юбілею Белавія. Актыўны сезон браніравання пачаўся. Але ў гэтым сезоне некалі лідары рынку Турцыя і Егіпет рызыкуюць трапіць у лік аўтсайдараў.

Не менш важна, акрамя берага марскога, выбраць і сумленнага тураператара, які туды вас даставіць. Выпадкаў, калі кліентаў проста падманвалі, не так ужо і мала. Усе тонкасці адпачынку-2016 даведаўся Уладзімір Каралёў.

Яшчэ два месяцы таму Дар'я павінна была грэцца ў водах Андаманскага мора. Тайланд яна са сваім будучыным мужам збіралася наведаць ужо даўно. Дзяўчына разумела: менавіта там яна пачуе запаветную прапанову стаць яго жонкай.

Але зараз ёй здаецца, што пра грошы, якія яны патрацілі на адпачынак, і пра саму паездку з гідамі Ocean Travel можна ўжо забыць.

Ocean Travel, "Аўрора Тур" - з кожным месяцам колькасць пацярпелых кліентаў становіцца ўсё большай. З пачатку года колькасць тых, хто застаўся без грошай і без адпачынку, пераваліла ўжо за паўсотні! А сезон водпускаў яшчэ не пачаўся.

Куды паехаць адпачываць? Кожны раз мільёны людзей па ўсім свеце задаюць гэтае пытанне. Пры гэтым спіс краін становіцца ўсё меншы. Некалі лідары рынку - Егіпет, Турцыя і Крым - ператварыліся ў аўтсайдараў. Куды і за якую суму ехаць летам і пры гэтым не трапіць у рукі ашуканцаў? Зараз разбяромся.

Турыстычны паток па ўсім свеце перавышае мільярд чалавек. Сярод іх і больш за паўмільёна беларусаў. Ужо вядома: 15% падарожнікаў ва ўсім свеце адмовяцца ад паездак за мяжу з-за магчымых тэрактаў і беспарадкаў. Такія звесткі прыводзіць кампанія IPK Int. А гэта значыць, што ў першую чаргу сваіх кліентаў страцяць Егіпет і Турцыя. Ужо некалькі месяцаў гэтыя краіны зніжаюць цэннік, завабліваючы турыстаў. Дарэчы, прамых забарон на наведванне гэтых краін Беларусь не ўводзіла.

Ульяна Лагуткіна, дырэктар турыстычнай кампаніі: "Аператары прапануюць адпачынак і ў Турцыі, і ў Егіпце па параўнальна нізкіх цэнах. Калі летась тыдзень на дваіх у пяцізоркавым гатэлі па сістэме "Усё ўключана" каштаваў $2000, то сёлета за тыдзень летам $1000-1200".

Да канца сакавіка заканчваецца ранняе браніраванне тураў. Аператары абяцаюць: аплаціўшы пуцёўку зараз, вы атрымаеце зніжку на адпачынак ад 15 да 40% плюс магчымасць забраніраваць любы ўпадабаны гатэль.

Традыцыйна акцыя ранняга браніравання заканчваецца 31 сакавіка. Сёлета аператары канстатуюць рост аўтобусных тураў па краінах Старога Свету з адпачынкам на моры.

Кацярына Мільто, намеснік дырэктара турыстычнай кампаніі: "Ёсць такі стэрэатып у нашых турыстаў, што Турцыя і Егіпет - гэта танна, а Іспанія і Італія - гэта дорага і не заўсёды па кішэні. Калі браць нашы аўтобусныя туры, то Італія, Іспанія стартуе ад 6,5 млн. За гэтыя грошы турыст атрымлівае не толькі праезд і пражыванне 7 дзён на курорце, але і ўсе магчымыя экскурсіі, якія ўключаныя ў гэты кошт".

Сказаць, што беларусы менш сталі ездзіць, нельга. Па ўсёй краіне працуюць 1300 аператараў, гатовых адправіць адпачывальніка ледзь не ў любы пункт свету. І з кожным годам колькасць такіх кампаній расце. Прапануюць паслугі і так званага ўнутранага турызму. Летась Беларусь наведала рэкордная колькасць гасцей - больш за 300 тысяч. Нямала з тых, хто падарожнічаў па краіне, было турыстаў з беларускім пашпартам - больш за палову нумароў у гатэлях было забраніравана нашымі суайчыннікамі. Пры такім турыстапатоку ашуканцаў у гэтай сферы быць не павінна.

Аляксандр Дубкоўскі, намеснік Міністра спорту і турызму: "Мы сумесна з дэпутатамі працуем над унясеннем змяненняў у закон аб турызме. Там прадугледжаны артыкул аб увядзенні адказнасці ў сферы заканадаўства ў сферы турызму. Другая пазіцыя - увядзенне рэестра тураператараў".

Увядзенне рэестра тураператараў дазволіць убачыць фінансавае забеспячэнне кампаніі і поўную інфармацыю аб яе дзейнасці. Пакуль жа на пытанне "Як распазнаць ашуканца?" адказваюць аднолькава.

Мінчанка Дар'я ўсё ж паспела пабываць у Тайландзе, самастойна аплаціўшы пералёт і пражыванне ў гатэлі. На здзіўленне самастойнае браніраванне гатэля і пералёт аказаліся таннейшымі, чым прэйскрурант Ocean Travel, з якім дзяўчына і яшчэ дзясяткі ашуканых кліентаў збіраюцца судзіцца.