Усе мінскія школы атрымалі пашпарты гатоўнасці

22 августа 2017

Усе мінскія школы атрымалі пашпарты гатоўнасці і падрыхтаваліся да новага вучэбнага года. Аб гэтым сёння нам паведаміў галоўны педагог сталіцы Уладзімір Мірончык. Паводле яго слоў, сёлета вучэбныя ўстановы сталіцы будуць наведваць амаль 193 тысячы школьнікаў. Упершыню ж за парты сядуць больш за 22 тысячы першакласнікаў. Таксама бацькоў і школьнікаў чакае некалькі новаўвядзенняў. Галоўнае - спрашчаецца аплата за харчаванне. Усе разлікі будуць праводзіць праз сістэму АРІП.

І да Дня ведаў у сталіцы свае дзверы адчыняць два дзіцячыя садкі ў Першамайскім і Фрунзенскім раёнах горада. Акрамя таго, у мікрараёне Дамброўка першых вучняў прыме і 41 школа, разлічаная больш чым на тысячу школьнікаў. Зараз там ідзе апошняя падрыхтоўка да 1 верасня.

Вынікі ж падрыхтоўкі школ да новага сезона і планы на будучы вучэбны год настаўнікі агучаць на вялікай педканферэнцыі. Яна пройдзе напрыканцы жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы.