Усе флагі ў госці да нас

8 мая 2014

Флагі ўсіх каманд, што прымаюць удзел у чэмпіянаце свету па хакеі, ужо развяваюцца ў цэнтры Мінска.


Некалькі гадзін таму на плошчы Дзяржаўнага флага прайшла цырымонія ўзняцця флагаў і выканання гімнаў краін - удзельніц хакейнага першынства. Гасцей і спартсменаў прывітаў Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазель, легендарны хакеіст, прэзідэнт Расійскай федэрацыі хакея Уладзіслаў Траццяк, кіраўнік Беларускай федэрацыі хакея і дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету Яўген Ворсін.


Рэне Фазель, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея: Гэта задавальненне знаходзіцца тут, у Мінску. Усё арганізавана на вышэйшым узроўні, мы ўпэўнены, гэта будзе выдатны чэмпіянат. Усе ведаюць, што і першая, і другая лядовыя арэны - фантастычныя! Я думаю, каманды атрымаюць задавальненне ад гульні на такіх пляцоўках, на гэтым чэмпіянаце.


Уладзіслаў Траццяк, прэзідэнт Расійскай федэрацыі хакея: Калі вырашалася пытанне галасавання за Беларусь, мы ўсе падтрымалі вас. Мы ведаем, што тут любяць хакей, Прэзідэнт гуляе ў хакей, і вы зробіце адзін з лепшых чэмпіянатаў свету. Калі пытанні стаялі па арганізацыі, я як член савета сказаў, што ніякіх пытанняў у нас не будзе, і сёння вы нават надвор'е добрае арганізавалі да прыезду гасцей. Нам усё падабаецца. Хачу падзякаваць ад імя ўсіх каманд і Прэзідэнту, і ўраду, усім, хто прымаў удзел ва ўзвядзенні гасцініц і лядовых арэн. Мы спадзяёмся, што ўдзельнікі парадуюць вас добрым хакеем.


Замежныя госці адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі лядовых арэн і арганізацыі сусветнага хакейнага першынства.