Усё часцей аматары хатніх жывёлін пускаюць у свой дом экзатычных гадаванцаў

16 августа 2016

Ручныя яноты, карлікавыя вожыкі і гіганцкія павукі – усё часцей аматары хатніх жывёлін пускаюць у свой дом рэдкіх і экзатычных гадаванцаў. Напрыклад, лясныя яноты могуць добра ладзіць з чалавекам і нават становяцца адданымі яму на ўсё жыццё. А дэкаратыўныя вожыкі зусім не супраць пагуляць з гаспадаром і нават не хаваюцца ад яго ў сваім ігольчастым доміку. З насельнікамі экзатычных хатніх звярынцаў пазнаёміўся Ян Пашкевіч.

Мініяцюрны дракон, слімак-волат і дзясяткі павукоў – з такімі незвычайнымі кватарантамі Арцём Зянкевіч дзеліць свой пакой ужо некалькі гадоў. Аматар-натураліст вучыцца на біялагічным факультэце БДУ, экзатычныя суседзі нярэдка становяцца галоўнымі героямі на старонках яго навуковых даследаванняў.

Ад Аўстраліі да Паўднёвай Амерыкі - жывая калекцыя налічвае прадстаўнікоў звыш 30 відаў жывёлін з розных куткоў свету. Кожны павук, яшчарка, змяя мае ўласны дом у выглядзе кантэйнера або акварыума. Спёка пустыні або вільгаць балот - мікраклімат Арцём стварае для кожнага жыхара сваіх хатніх тропікаў.

Вельмі зручна ў такім пакоі праводзіць сеансы тэрапіі па барацьбе са сваімі страхамі, асабліва перад змеямі, скарпіёнамі або павукамі. Страх перад апошнімі ёсць і ў мяне, таму я не змог не скарыстацца магчымасцю ад яго пазбавіцца.

Сеансы па рэлаксацыі з задавальненнем правядуць гадаванцы Валерыя Абмёткі. Дзясятак ручных янотаў насяляюць уласны двухпакаёвы вальер і нават маюць невялікі вяровачны гарадок. Пушыстую сям'ю Валерый песціць мясам, агароднінай і салодкімі прысмакамі. Нярэдка цікаўныя чысцёхі своеасабліва дзякуюць гаспадару за клопат - палошчуць у тазіку або лужыне ключы ад машыны, чыстую вопратку - усё, што Валерый не паспеў добра схаваць.

Прыручаць янотаў і вожыкаў лепш за ўсё ў першыя дні іх жыцця, каб малыя запомнілі пах і голас свайго гаспадара. Менавіта ў гэты час гадаванцы найбольш прывязваюцца да таго, хто дзеліцца з імі ласкай, клопатам і любоўю.