Усё больш жыхароў ператвараюць пад'езды у арт-прасторы

20 ноября 2017

Многія сталічныя пад'езды чакаюць поўнамаштабнага касметычнага рамонту. Сёлета апгрэйд запланаваны ў 15% сталічных пад'ездаў. Пры неабходнасці заменяць няспраўныя вокны, батарэі, парэнчы, пафарбуюць сцены. Апошнім часам усё больш жыхароў далучаюцца да добраўпарадкавання свайго жылля, часам нават ператвараюць пад'езды ў арт-прасторы. І, як адзначаюць самі ініцыятары творчага падыходу, чысціня ў такіх пад'ездах трымаецца значна даўжэй. Як мінчане дапамагаюць камунальным службам захоўваць парадак у сталічных пад'ездах? Клінінг-эксперымент правёў Ян Пашкевіч.

Творчыя ўказальнікі ўздоўж лесвіцы адразу падкажуць захапленні жыхароў гэтага дома. Лаўцы сноў, батанічныя куткі і нават мастацкі антыкварыят - за такі рамонт у стылі хэнд-мэйд гэты пад'езд у шматпавярхоўцы па вуліцы Мірашнічэнкі сёлета стаў самым стыльным у сталіцы.

А вось у доме па вуліцы Вясёлкавай на сценах пад'езда пасяліліся каляровыя цені яго жыхароў. Такі арт-хаус тут з'явіўся амаль 10 гадоў таму. За гэты час каляровая галерэя нават не пацьмянела - кожны даглядае вялікае палатно.

Падтрымліваюць чысціню пад'ездаў у сталіцы таксама клінінгавыя кампаніі і камунальныя службы. Генеральнае прыбіранне тут праводзіць раз у тры дні, у тым ліку і вільготнае. Але часам, асабліва зімой і восенню, з-за ўмоў надвор'я прыбіральшчыкі перагружаныя.

Мы вырашылі праверыць, як доўга пратрымаецца чысціня ў адным з пад'ездаў пасля вільготнага прыбірання. Клінінг-тэст правялі на наступны дзень.

Тут доўга смецце шукаць не прыйшлося - адразу запрыкмецілі гэтыя запалкі побач з акном. І пад знакам аб небяспечнасці пажару.

А вось у гэтым пад'ездзе малюнкі на сценах больш нагадваюць наскальны жывапіс, а за творчы імпэт аўтара прыйдзецца заплаціць жыхарам. У графік бягучага рамонту трапляюць няспраўныя парэнчы, свяцільнікі, вокны, батарэі - усё, што можа стварыць небяспеку для жыхароў дома. За касметычныя ж працэдуры заплаціць давядзецца самім жыхарам.

Такім чынам у сталіцы асвяжаюць выгляд тысяч пад'ездаў штогод - каля 15% ад агульнай колькасці. А вось як доўга пратрымаецца парадак, ужо залежыць толькі ад сумесных намаганняў камунальшчыкаў і мясцовых жыхароў.