Усё больш становіцца прыхільнікаў аўтацюнінгу

17 августа 2014

У Беларусі ўсё больш становіцца прыхільнікаў аўтацюнінгу. Прычым многія самастойна ператвараюць свае машыны ў спарткары. Яркі таму прыклад - Ігар Бачыла. Яго седан зараз разганяецца да сотні ўсяго за 5 секунд. Машын з такімі характарыстыкамі ў Беларусі ўсяго тры.


Гэты жалезны конь за 5 секунд разганяецца да ста кіламетраў за гадзіну. Пад капотам - энцыклапедыя цюнінгу. Цяжка паверыць, што 5 гадоў таму гэты аўтамабіль быў звычайным седанам. Але намаганнямі гаспадара пераўтварыўся ў сапраўдны спарткар.


Ігар Бачыла, аўтаўладальнік: Самае галоўнае пад капотам у гэтай машыне - гэта рухавік. Аб'ём яго 2 літры, двухраспрадвальны, з турбінай. Магутнасць парадку 400 канёў.



Машын з такімі тэхнічнымі характарыстыкамі ў Беларусі ўсяго тры. Гэтая - адзіная ў Мінскай вобласці. І першая ў аўтамайстра. За пяць гадоў былы юрыст старанна збіраў сваю мару ў гаражы. За гэты час павялічыў кошт свайго жалезнага каня ў пяць разоў.


Рамонт спарткара ўладальнік робіць самастойна. Каб падтрымліваць машыну ў добрым стане, распачаў свой аўтабізнес - цюнінгуе і іншыя машыны.



Вясной і летам машына на хаду. А з восені гэтага жалезнага каня пачынаюць разбіраць. Самае галоўнае - рухавік. За 2 сезоны ён знашваецца амаль цалкам і таму патрабуе капітальнага рамонту.



Такіх аматараў цюнінгу, як Ігар Бачыла, толькі ў Мінскай вобласці амаль кожны дзясяты. Аднак усе паляпшаюць свае машыны па рознаму.



Віталь Гармаза, начальнік станцыі дыягностыкі Рэспубліканскага навучальнага цэнтра ДТСААФ: Цюнінгі бываюць розныя. Акрамя тэхнічных цюнінгаў аўтамабіляў, ёсць аўдыяцюнінгі, ёсць цюнінгі салонаў, цюнінгі знешняга выгляду аўтамабіляў. І ёсць чып-цюнінгі - так званыя змены характарысатык рухавікоў.


Апошні від абнаўлення - самы распаўсюджаны ў Мінскай вобласці. Пры ім моц рухавіка павялічваецца да 30% Кошт такога цюнінгу залежыць ад машыны і матора - ад трох мільёнаў рублёў. Пры гэтым, усе змены трэба ўзгадніць і зарэгістраваць у ДАІ.


Зараз Ігар Бачыла рыхтуе свой спарткар да рэспубліканскага чэмпіянату па драг-рэйсінгу. Напярэдадні ён ужо ўвайшоў ў тройку лідараў у спаборніцтвах паміж гарадамі. І таму сёння ён імкнецца толькі да прызавога месца.