Час рабіць добрыя справы. Беларускія атлеты дапамагаюць дзіцячым спартыўным школам

5 июля 2019

Беларускія атлеты - "Алімпійскім шляхам"! За дасягненні на ІІ Еўрапейскіх гульнях спартсмены-медалісты атрымалі права выбраць дзіцячыя спартыўныя школы для аказання ім матэрыяльнай падтрымкі. Пералічаныя ў рамках праекта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сродкі пойдуць на закупку інвентару і рамонт спартыўных залаў. Пра выбар чэмпіёнаў - Ілья Цвяткоў!

Беларускія атлеты паказалі высокі ўзровень майстэрства на ІІ Еўрапейскіх гульнях - другое месца ў агульным медальным заліку! Час яскравых перамог змяніўся часам рабіць добрыя справы! У рамках праекта "Алімпійскі шлях" прызёры форуму дапамагаюць дзіцячым спартыўным школам. СДЗЮШАР нумар адзін у Маладзечне ўжо атрымала падарунак ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба - для аказання спонсарскай дапамогі ўстанову выбраў яе выхаванец, баксёр Дзмітрый Асанаў. 

Самыя новыя электронныя вагі з наборам неабходных функцый, баксёрскія мяшкі і маты… Новы інвентар набудуць на атрыманыя сродкі. 

Акрамя фізічнай падрыхтоўкі, маладым атлетам для высокіх дасягненняў патрэбна яшчэ і якасная экіпіроўка. Пальчаткі, капы і спартыўны абутак пакуль што ў асноўным баксёры носяць свае, але ўжо зусім хутка ўсё гэта зможа даваць школа ў поўным аб'ёме. 

Свой выбар зрабілі таксама і Васіліса Марзалюк - уладальніца залатога медаля па вольнай барацьбе, а таксама жаночая каманда па баскетболе. Дзяўчыны прынялі рашэнне дапамагчы роднай спартыўнай школе ў Лагойску - менавіта тут спартсменкі пачыналі сваю кар'еру. 

Усяго прадстаўнікі 11 відаў спорту ўжо выбралі 17 розных спартыўных школ краіны, якім будзе пералічана больш за 200 тысяч беларускіх рублёў. Такая падтрымка - добрая інвестыцыя ў будучыя поспехі маладых атлетаў. Многія з іх не аднойчы будуць прадстаўляць Беларусь спартыўную на міжнароднай арэне.