Часовая забарона на наведванне лясоў уведзеная ў 15 раёнах Беларусі

8 апреля 2020
У 15 раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы. Аб гэтым паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі. Сярод іх дзесяць - у Гомельскай вобласці, чатыры - у Брэсцкай, а таксама адзін раён у Мінскай вобласці.  Такія меры прынятыя з-за складанага пажаранебяспечнага становішча. Чакаецца, што хутка можа быць абмежавана наведванне лясоў і ў іншых паўднёвых рэгіёнах краіны. Адзначым, толькі за апошнія суткі ў лясным фондзе адбыліся 52 пажары. 

Анастасія Дакучаева,  прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі: "Паводле аператыўных звестак, сёння ўжо зафіксаваныя 2 буйныя ўзгаранні. Плошча на гэты момант удакладняецца. Узгаранні зафіксаваныя ў Лельчыцкім лясгасе і Чачэрскім спецлясгасе. І ўпершыню з гэтага года нам прыйшлося падключыць сілы авіяцыі МНС, і сумеснымі намаганнямі мы разлічваем лакалізаваць гэтыя ачагі".

З пачатку года ў Беларусі зафіксавалі больш як 270 лясных узгаранняў. Агульная плошча ачагоў - больш за 155 гектараў. Нагадаем, за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лесе і на тарфянішчах могуць выпісаць штраф.