Упершыню ў СНД у Міжнародны дзень музеяў паказалі злачынныя грошы

18 мая 2018

Выстава ўнікальная і эксклюзіўная. Частка экспанатаў - гэта рэальныя гісторыі фальшываманетчыкаў, віртуозаў сваёй справы. Праўда, якая караецца законам. З кожным экспанатам (манетай ці банкнотай) праведзена навукова-даследчая работа. Хто падрабляў грошы, наколькі прыбытковае фальшываманецтва і якая плата за незаконнае ўзбагачэнне - ведае Дар'я Тарасава.

Гэтых людзей спальвалі жыўцом, варылі ў алеі, у лепшым выпадку проста адсякалі ім рукі. Вось так яшчэ некалькі стагоддзяў таму каралі стваральнікаў так званых злачынных грошай, больш вядомых як фальшываманетчыкі. Карныя меры ў дачыненні да імітатараў плацежных сродкаў рэгламентавалі адразу два статуты ВКЛ. Пяць соцень падробленых манет і банкнот (пачынаючы з правінцыяльнага рымскага перыяду I-II стагоддзя нашай эры да полацкіх шылінгаў) упершыню паказаў Гістарычны музей Беларусі. Гэты эксклюзіўны збор з асабістых фондаў музея, а таксама прыватных калекцый нумізматаў.

Несапраўдныя манеты і банкноты для нагляднасці на адных вітрынах з арыгіналамі. Усе яны знаходзяцца пад ахоўнай сігналізацыяй. Сакрэт ад нумізматаў: часам на аўкцыёнах за антыкварную падробку рэдкай чаканкі гатовы выкласці суму, якая ў некалькі разоў перавышае кошт сапраўднай манеты. Фейкавы, але не менш дарагі. Размова пра фальшывы скарб. У экспазіцыі такіх 8. Сярод іх знаходкі ранняга перыяду ВКЛ з шылінгамі (хадавой манетай часу) і знакаміты рагачоўскі скарб. На адчаканеных у медзі манетах напыленне серабра. Унікальнасць знаходкі ў почырку штэмпеляў - фальшыўкі зроблены адным майстрам.

Вытрымкі з судовай дакументацыі. Частка экспазіцыі - гэта рэальныя справы віртуозных фальшываманетчыкаў. Такія выпадкі фіксаваліся ў паліцэйскіх справаздачах Расійскай імперыі, а ў Рэчы Паспалітай - у актавых або судовых кнігах магістратаў. Асаблівай папулярнасцю карысталіся манеты часоў Пятра I і Орт Аўгуста III.

Сёння метад, якім выяўлялі фейкавыя грошы, можа здацца дастаткова прымітыўным. Манеты спрабавалі на зуб, надпілоўвалі, правяралі грамоўку, прабівалі цвіком. Калі пад напыленнем каштоўных металаў аказвалася медзь, заключэнне экспертаў не прымушала сябе чакаць: гэта фальшыўка.

Манетныя падробкі саступаюць месца банкнотным. Паліграфічныя тэхналогіі крочылі наперад. Самы распаўсюджаны спосаб сёння - друк на струменным прынтары. Такая ініцыятыва забаронена ўсімі краінамі свету. У Беларусі за фальшываманецтва прадугледжана крымінальная адказнасць - да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Люмінесцэнтны мікраскоп і відэаспектральны кампаратар - сродкі праверкі грошай на сапраўднасць. Штогод Камітэт судовых экспертыз па краіне праводзіць каля 2 тысяч праверак. Большая частка купюр сапраўды аказваецца падробкай. Але гэта ўжо сучасная гісторыя, і яе фальшыўкі можна ўбачыць у музеі Міністэрства ўнутраных спраў.