Упершыню ў гісторыі Сусветных дзіцячых гульняў пераможцаў прайшоў нацыянальны адбор

1 мая 2018

Тры дні, пяць відаў спорту і 50 прэтэндэнтаў на перамогу. Упершыню ў гісторыі Сусветных дзіцячых гульняў пераможцаў прайшоў нацыянальны адбор. Роўна палова з яго ўдзельнікаў у пачатку жніўня адправіцца на міжнародны турнір у Маскву. Як і на любых спаборніцтвах, тут ёсць і тыя, хто хутчэйшы, і тыя, хто мацнейшы. Вось толькі пераможцам завуць кожнага. Яны ўжо выйгралі сваю галоўную бітву - супраць анкалогіі. Пра самыя шчырыя эмоцыі - Алена Гарэльчык.

Сёння Глеб танчыць брэйк і разважае пра будучую прафесію. Насця Ступяк з задавальненнем распавядае пра тое, як ёй падабаецца вучыцца ў школе. Бо яна добра ведае: без адукацыі сёння аніяк.

Праўда, гаворачы пра школу, Насця трохі хвалюецца: ёй - актыўнай, рухомай і самай хуткай у класе - не дазваляюць удзельнічаць у спаборніцтвах па стане здароўя. Але толькі не тут і не зараз.

І Насця, і Глеб, і яшчэ паўсотні такіх жа дзетак змагаюцца за званне чэмпіёнаў Гульняў пераможцаў. Яны такія ж, як усе. Хіба што сталі дарослымі ўжо тады, калі іх аднагодкі яшчэ гулялі ў пясочніцы.

Сусветныя гульні пераможцаў - міжнародных праект, які сёлета пройдзе ўжо 9 раз. Ён аб'ядноўвае дзяцей ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, якія перанеслі анкалагічнае захворванне і знаходзяцца ў рэмісіі. Калі раней тых, хто ехаў у Маскву і ўдзельнічаў у фінале турніру, проста выбіралі, то сёлета ўпершыню ў гісторыі праекта было вырашана зрабіць сапраўдны нацыянальны адбор.

Пяць відаў спорту: бег на 60 метраў, плаванне на 25, турнір па настольным тэнісе, міні-футболе і шахматах. Спаборніцтвы прайшлі на базе Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы. Адным відам хлопчыкі і дзяўчынкі тут не абмяжоўваліся.

Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі свае падарункі і дыпломы. Чэмпіёны і прызёры атрымалі медалі і кубкі. А вось каму адправіцца ў Маскву, вырашылі даручыць удачы. У спецыяльным лататроне - прозвішчы ўсіх 50 прэтэндэнтаў.