Упершыню ў Беларусі хірургі замянілі клапан сэрца на біяпратэз

9 октября 2015
Сёння прыйшла навіна, якую можна назваць так: "Яшчэ адна перамога ўрачоў над тым, што раней гучала як прысуд". Упершыню ў Беларусі хірургі замянілі клапан сэрца на біяпратэз. Аперацыя прайшла ў сталічным навукова-практычным цэнтры "Кардыялогія". Правялі яе разам з італьянскімі спецыялістамі. У чым, уласна, унікальнасць. Раней беларускія медыкі выконвалі такія аперацыі, але пратэзавалі клапанам з металу. Пазней маглі з'явіцца пабочныя эфекты. Гэтым разам метад ранейшы, але вось пратэз - новы, абсалютна натуральны. А значыць, прыжываецца лепш і хутчэй. З аперацыйнай - рэпартаж Улады Карніцкай.

Яшчэ месяц таму гэты мужчына лічыў сябе здаровым чалавекам. Пра тое, што ў яго парок сэрца, пацыент даведаўся толькі ў сорак пяць. Высокая тэмпература амаль месяц плюс задышка і слабасць. Падчас абследавання высветлілася, што клапан аднаго з найважнейшых яго органаў пашкоджаны інфекцыяй. Сёння ён на аперацыйным стале ўпершыню. Упершыню, але ўжо ў гісторыі беларускай хірургіі, і кардыёлагі змяняюць яго пашкоджаны клапан на новы - абсалютна натуральны і, што самае галоўнае, даўгавечны.

Пратэзавалі клапаны сэрца беларускія хірургі і раней. Праўда, толькі механічнымі клапанамі - з металу. Толькі за мінулы год тут, у навукова-практычным цэнтры, такіх аперацый праведзена каля васьмісот. Але пасля таго як такі клапан аказваўся на сваім месцы, пацыенту трэба было стала прымаць лекі, каб у яго не з'яўляліся тромбы. Новая методыка гэтыя пабочныя эфекты выключае цалкам.

Усяго аперацыя доўжыцца 5-6 гадзін. Але асноўны этап - гэта тая гадзіна, калі замяняюць клапан. Менавіта гэтага моманту ўжо не ў аперацыйнай, а ў канферэнц-зале ў гэтыя хвіліны чакае больш як сотня медыкаў. Тут сабраліся лепшыя хірургі і кардыёлагі нашай краіны. І ўсё для таго, каб анлайн убачыць трансляцыю гэтай аперацыі.

Такое пратэзаванне - навінка для многіх краін свету, а на постсавецкай прасторы гэтая аперацыя першая. Разам з беларускімі хірургамі ў аперацыйнай - італьянскія калегі.

Адзіны мінус такіх аперацый - гэта кошт біяпратэза: каля 20 000 долараў. Плюс да ўсяго вырабляюць яго толькі ў некалькіх краінах свету. У Беларусі не, але гэта пакуль: навукоўцы нашай краіны ў кааперацыі з медыкамі ўжо распрацоўваюць такі біяпратэз, прычым, як плануецца, танней за імпартны ён будзе ў некалькі разоў.

Таксама сёння стала вядома, што ў найбліжэйшы час беларускія і італьянскія кардыёхірургі падпішуць пагадненне, асновай якога стане праграма абмену спецыялістамі і стажыроўкі дактароў дзвюх краін. Але гэта - не пачатак, а хутчэй, працяг супрацоўніцтва ў сферы медыцыны Беларусі і Італіі.

Пацыент, якога прааперыравалі сёння, у рэанімацыі будзе толькі суткі. Да нармальнага жыцця пасля рэабілітацыі мужчына вернецца максімум праз 3 тыдні.