Узвядзенне новага будынка дзіцячага хоспіса пад Мінскам завяршаецца

12 марта 2016

Зараз будаўнікі заканчваюць аддзелачныя работы, а валанцёры дапамагаюць у добраўпарадкаванні сумежнай тэрыторыі. Плануецца, што ўжо з ліпеня маленькія падапечныя пачнуць атрымліваць дапамогу ў паліятыўным цэнтры. Новы будынак дазволіць пашырыць штат медперсаналу. Згодна з праектам, у хоспісе абсталююць прасторныя гульнявыя і рэабілітацыйныя зоны, а таксама навучальны цэнтр для работнікаў.

Ганна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса: "Нам патрэбныя трэнажоры, нам патрэбныя масажныя кушэткі, нам патрэбныя разнастайныя прыстасаванні. Там будзе музычны пакой. Мы просім, у каго ёсць старыя ўдарныя інструменты, іоніка. Хворыя дзеці змогуць праз музыку выказаць свой настрой".

Усе неабыякавыя людзі могуць далучыцца да дабрачыннай эстафеты «17 добрых спраў». На працягу 17 субот валанцёры – прадстаўнікі розных арганізацый і ўстаноў - будуць дапамагаць у добраўпарадкаванні тэрыторыі і прыбіранні памяшканняў, каб падрыхтаваць пакоі хоспіса да ўстаноўкі абсталявання і мэблі.