Адрадзіць сваю малую радзіму вырашыў фермер з Лідскага раёна

6 апреля 2020
Адрадзіць сваю малую радзіму! Такую няпростую задачу паставіў перад сабой фермер з Лідскага раёна. Пражыўшы ў райцэнтры некалькі дзесяцігоддзяў, ён вярнуўся ў родную вёску і заняўся сельскай гаспадаркай. А паралельна прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні мясцовых святынь і памятных месцаў. Юрый Карняловіч  працягне.

З дома бацькоў Валянцін Капачэль з'ехаў даўно. Некалькі дзесяцігоддзяў пражыў у Лідзе, але так і не стаў гарадскім жыхаром. Рашэнне вярнуцца ў родную вёску было ўсвядомленым. І не проста вярнуцца, а працаваць на зямлі. Арганізаваў фермерскую гаспадарку і за пару гадоў ператварыўся ў найбуйнейшага ў раёне вытворцу сельгаспрадукцыі.

Валянцін Капачэль, фермер: "На сённяшні дзень у мяне ў гаспадарцы 145 гектараў зямлі. Мы займаемся бульбай, рапсам, збожжам".

Стаўшы на ногі, Валянцін Капачэль задумаўся аб адраджэнні сваёй малой радзімы. Разам з настаяцелем касцёла аднавілі памятны знак на ўездзе ў аграгарадок Дварышча. Зараз будуе планы па рэканструкцыі закінутай капліцы непадалёк.

Капліцу пачалі будаваць яшчэ ў савецкі час. Узвялі сцены, дах, але на большае грошай не хапіла. Так і стаяла больш як 30 гадоў, пакуль Валянцін Капачэль не прыйшоў на дапамогу. З ксяндзом распрацавалі план па аднаўленні. Абяцаюць, што ўжо праз год тут будуць праводзіць богаслужэнні.

Прыкладу фермера рушылі ўслед і іншыя аднавяскоўцы. У вёску ўжо вярнуліся тры сям'і. Адбудавалі свае дамы і таксама плануюць заняцца сельскай гаспадаркай.

У планах фермера - прывесці ў парадак усе знакавыя месцы ў акрузе і зрабіць аграгарадок прывабным для турыстаў, у тым ліку і замежных.