Ускладанне кветак і вянкоў на плошчы Перамогі пачнецца ў 11:00

9 мая 2019

Сёння, як і на працягу многіх пераможных гадоў, на вачах ветэранаў  толькі слёзы радасці і шчасця. Сучаснікі - іх дзеці, унукі і праўнукі -   гавораць дзякуй за Перамогу, за права на мірнае жыццё. Беларусы памятаюць ратны подзвіг бацькоў і дзядоў. Сёння ва ўсіх кутках краіны пройдуць святочныя мерапрыемствы. Цэнтрам падзей у сталіцы стане плошча Перамогі. У 11:00 тут пачнецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да манумента. Прамую трансляцыю будзе весці Белтэлерадыёкампанія. І ўжо зараз там працуе наша здымачная група. 

На сувязь выходзіць наш карэспандэнт Вераніка Бута. Вераніка, добрай раніцы! І са святам Вас!

Добры дзень, Паліна! Вас таксама з Днём Перамогі! І, вядома, са святам я віншую і ўсю нашу краіну. І запрашаю далучыцца да вялікага святочнага марафону, які пройдзе ў кожным кутку Беларусі. 

Маштабна правядуць гэты дзень, вядома, і ў Мінску. Сэрца свята на плошчы Перамогі. Дарэчы, гэтая пляцоўка і ў цэлым увесь горад змяніліся некалькі дзён таму. Іх упрыгожылі сімвалы Перамогі і яблыневы колер. 

Пакуль, як вы бачыце, на плошчы яшчэ не шматлюдна. Але тут ужо цалкам гатовыя сустрэць гасцей. І ў першую чаргу, вядома, з нецярпеннем чакаюць галоўных герояў свята - ветэранаў. На жаль, з кожным годам жывых сведак Вялікай Айчыннай становіцца ўсё менш. Ветэранаў у краіне сёння засталося крыху больш за  6 тысяч. Беларусь памятае кожнага,  кожнаму сёння чарговы раз гаворыць дзякуй. 

Удзельнікам вайны, хто сёння падзеліць з намі гэта свята, па добрай традыцыі асобныя месцы - для іх ужо расстаўлены крэслы. Літаральна праз гадзіну ветэранаў пачнуць падвозіць сюды на спецыяльных аўтобусах. Пачатак у 11:00. Але як паказвае практыка, ветэраны просяць арганізатараў прывезці іх крыху раней, каб больш часу пабыць са сваімі баявымі таварышамі, а пасля ўрачыстасцяў не спяшаюцца пакідаць плошчу. Ім заўсёды ёсць пра што пагаварыць. І, паверце, гавораць яны не пра сцэны вайны, а пра мірнае сёння. 

Як я ўжо сказала, у 11 гадзін да Вечнага агню ўскладуць кветкі, хвілінай маўчання ўшануюць памяць тых, хто не вярнуўся з вайны. Па традыцыі ва ўрачыстай цырымоніі, акрамя ветэранаў, прымуць удзел вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў, духавенства, прадстаўнікі дыпкорпуса, моладзевых і дзіцячых арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і сотні беларусаў, хто па традыцыі святкаваць Дзень Вялікай Перамогі прыходзіць сем'ямі. А многія з іх яшчэ бяруць з сабою партрэты сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў, усіх тых, хто ўласным жыццём здабываў нам з вамі Перамогу. І гэта яшчэ адна добрая традыцыя, акцыя стала па-сапраўднаму народнай - "Беларусь памятае!"

Калі вы таксама плануеце далучыцца да нас, абавязкова прадумайце маршрут. Літаральна некалькі хвілін таму пачалі перакрываць цэнтр горада, у тым ліку тут, па праспекце Незалежнасці, ужо нельга праехаць нават на грамадскім транспарце. Закрыта для ўваходу і выхаду пасажыраў станцыя метро "Плошча Перамогі" з боку плошчы. Абмежаванні будуць дзейнічаць прыкладна да гадзіны дня, пазней з 5 вечара і да апоўначы. Вечарам мінчан і гасцей сталіцы тут чакаюць на канцэрт і святочны салют. 

Усю атмасферу свята пастараюцца перадаць мае калегі. Яны працуюць сёння літаральна на ўсіх пляцоўках, у прыватнасці, брыгады, якія будуць забяспечваць прамы эфір раніцай і вечарам з плошчы Перамогі. Тут усталяваныя 10 камер і два самыя вялікія тэлевізійныя краны. Таму карцінкай Белтэлерадыёкампанія абавязкова парадуе. 

Святочнаму настрою сёння, як вы бачыце, спрыяе і надвор'е. Нарэшце сухое і цёплае, такое, якое яно было ў Берліне 9 мая 1945 года - у Дзень Вялікай Перамогі. 




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя