Ля Кургана Славы сабраліся каля 4 тысяч байкераў

24 сентября 2016

Сёння ў Мінску адбудзецца самае маштабнае ў гісторыі Беларусі закрыццё мотасезона. Пачнецца яно з Кургана Славы, там ужо сабраліся каля 4 тысяч байкераў не толькі з Беларусі, а з 15-ці краін свету. Прычым, на фестываль Harley-Davidson (менавіта такі статус атрымала свята) прыехалі і афіцыйныя асобы, якія прадстаўляюць кампанію. Літаральна праз гадзіну чакаецца прыбыццё Кіраўніка дзяржавы.

Расказвае Сяргей Хамянтоўскі, зараз ён на выходзіць на прамую сувязь са студыяй (прамое ўключэнне). Ля падножжа Кургана Славы яблыку, а дакладна, шлему няма дзе ўпасці. Свята закрыцця мотасезона сабрала каля 4 тысяч байкераў з 15-ці краін. Гэтай лічбе не трэба здзіўляцца. Ім адмянілі візы, зрабілі на мяжы зялёны калідор і далі зніжкі ў гатэлях. Сёлета свята закрыцця мотасезона ў Мінску атрымала афіцыйны статус фестывалю Harley-Davidson. Разам з простымі аматарамі мотатэхнікі з Мілуокі ў Мінск прыехалі сур'ёзныя хлопцы і афіцыйныя асобы Harley-Davidson - такія, як Б'ёрн Солберг, Джэрэмі Пік, Сяргей Каменеў. Другі штогадовы мотафестываль стартуе ад Кургана Славы. Менш чым праз гадзіну сюды прыедзе Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Не сакрэт, што наш Прэзідэнт заядлы матацыкліст і ўжо прымаў удзел у 2009 годзе ў падобным байк-фестывалі. Да таго моманту Кіраўніка дзяржавы бачылі на каньках, лыжах, лыжаролерах, веласіпедзе. Як аказалася, наш Прэзідэнт таксама па-майстэрску кіруе матацыклам. Кіраўнік дзяржавы прыедзе да Кургана Славы і пагутарыць з байкерамі і арганізатарамі фестывалю, пасля чаго ўзначаліць шматтысячную калону байкераў, і ўся гэтая працэсія накіруецца ў сталіцу. На пляцоўцы ля Палаца спорту адбудзецца галоўнае дзейства. Будзе шмат цікавага. Там жа паўналетнім беларусам можна будзе здаць экзамен на катэгорыю А1. Гледачы ўбачаць паказальныя выступленні супрацоўнікаў мотабатальёнаў ДАІ Беларусі і Расіі. Прадоўжыцца свята практычна ўсю суботу: акрамя парада байкераў і выступленняў, запланаваныя конкурсы. Не абыдзецца і без музыкі: для гасцей мотазлёту выступяць Дзіяна Арбеніна і гурт Brainstorm. Што важна: прыйсці і паглядзець на H.O.G. Rally Minsk можна будзе бясплатна.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя