Пытанні будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў застаюцца на кантролі Кіраўніка дзяржавы

7 мая 2018

Школа за некалькі крокаў ад дома і самае сучаснае медыцынскае абсталяванне ў малых гарадах. Пытанні будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў застаюцца на кантролі Кіраўніка дзяржавы. Да гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка вярнуўся і ў сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, патрабуючы павялічыць выдаткі на сацыяльную сферу. А гэта значыць, што ў Беларусі будуць будавацца новыя школы, бальніцы і спартыўныя арэны. Ужо ў верасні электронная школа ў Бабруйску сустрэне першых вучняў. У Брэсце да адкрыцця рыхтуюць футбольны манеж, дзе будуць гадаваць будучых чэмпіёнаў. А ў Мёрах у гэтым месяцы першых пацыентаў прыме сучасная бальніца, якую мясцовыя жыхары чакалі не адзін дзясятак гадоў. Ступень гатовасці гэтых важных аб'ектаў ацанілі і карэспандэнты Агенцтва тэленавін. Падрабязнасці раскажа Юлія Грызунт.

Мікрараёну Заходні ў Бабруйску яшчэ няма і 10 гадоў. Тут шмат маладых сем'яў. На пляцоўцы дзіцячага саду смех дзяцей, а вось школы ў новым мікрараёне няма. Таму і завяршэння будаўніцтва гімназіі-даўгабуду тут вельмі чакаюць.

Не кожны дырэктар можа пахваліцца тым, што ўласнымі рукамі будаваў сваю школу. Але Ірына Матузава бачыла, як бетонавыя сцены ператвараліся ў навучальныя класы, больш за тое - дапамагала рабіць першы школьны рамонт.

Школу будуюць усім горадам. Напрыклад, спартыўныя залы размалююць студэнты мясцовага каледжа, на сценах будуць сімвалы Бабруйска. Увесь мікрараён працаваў тут на суботніку. Дарэчы, і пытанне кадраў ужо таксама амаль вырашанае. Многія маладыя спецыялісты вернуцца на малую радзіму па размеркаванні.

А адкрыцця гэтага комплексу чакаюць не толькі школьнікі і іх бацькі. Тут будзе басейн, і пасля заняткаў на платнай аснове кожны ахвотнік зможа сюды запісацца. Па такім жа прынцыпе ў школе будзе працаваць трэнажорная зала і, паводле планаў, нават комплекс для скалалажання.

Пра вялікія спартыўныя дасягненні мараць і юныя спартсмены ў Брэсце. Да тысячагоддзя горада тут адкрыюць сучасны футбольны манеж. На полі са штучным пакрыццём можна будзе трэніравацца круглы год.

Яўген Трацюк, начальнік Брэсцкай абласной федэрацыі футбола: "У нас будзе футбольнае поле найноўшага пакалення, выраблена ў Італіі. Яно ўжо сюды прыехала, знаходзіцца ў часовай мытнай зоне. Купал таксама будзе больш дасканалы, таму што яго робяць у Славеніі. І літаральна 10 мая ён ужо прыедзе сюды ў Брэст. Так што неўзабаве плануем пачаць мантаж гэтага аб'екта".

Пытанні будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў на сталым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. Да гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка вярнуўся і ў сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Патрабаванне да ўрада - павялічыць выдаткі на сацыяльную сферу. Бо кожная новая бальніца, школа або ФАК - гэта інвестыцыі ў будучыню нацыі.

Здавалася б, вылечыць корпус Мёрскай раённай бальніцы ад хранічнага дыягназу "даўгабуд" – нешта з фантастыкі. Будынак яшчэ не функцыянуе, але яго гісторыя налічвае 26 гадоў. Аб'ект быў закансерваваны. А раённая бальніца працягвала працаваць у 11 карпусах, раскінутых па ўсім горадзе. Паўтара года таму недабудаваны будынак мёрскай бальніцы патрапіў у дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Першых пацыентаў новы медцэнтр прыме ў гэтым месяцы.

Штодня на аб'екце працуюць больш як 200 рабочых. Пасля дзяжурства не дахаты, а на будоўлю спяшаюцца і працаўнікі бальніцы. У галоўным корпусе ўжо наводзяць парадак, асноўныя будаўнічыя работы - у адміністрацыйна-гаспадарчым.

Сацыяльна важны аб'ект стане асновай не толькі дабрабыту жыхароў, але і эканамічнага росту раёна. Буйны замежны інвестар будуе ў Мёрах металапракатны завод. Тут будзе створана 600 рабочых месцаў. Адной з умоў было забеспячэнне якаснага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання персаналу прадпрыемства.