Пытанні будаўнічай галіны працягвае вырашаць рабочая група, створаная па даручэнні Прэзідэнта

10 июля 2013

Гэтым разам адчытвалася Віцебская вобласць. У рэгіёне 35 праблемных дамоў. Іх безумоўны ўвод у эксплуатацыю сёлета гарантаваў намеснік губернатара. І калі з даўгабудамі справа ажывілася, дык пытанне якасці будаўніцтва застаецца адкрытым. Усё ўпіраецца ў адказнасць усіх удзельнікаў працэсу, у тым ліку і эканамічную.



Падрабязнасці ў Сяргея Хамянтоўскага. Гэты дом - адзін з прыкладаў жыллёвага хэпі-энду. Даўгабуд у вёсцы Сухарава, што непадалёк ад аднайменнага сталічнага мікрараёна, здалі літаральна на днях. Прыгожая шматпавярхоўка пад нумарам 6 гатовая прыняць жыхароў. Гмахі побач - №4 і №5 - па генплане здадуць у ліпені і жніўні. Зараз на аб'ектах актыўна ідуць апрацоўчыя работы, працягваецца добраўпарадкаванне. Навасельцы суседніх, ужо абжытых, дамоў ахвотна дзеляцца ўражаннямі.


У гэтым годзе праблемы скончацца ў дольшчыкаў яшчэ 28 мінскіх даўгабудаў. Найбольшая іх колькасць (дзевяць) - у Цэнтральным раёне. Усе праблемныя новабудоўлі ў гарвыканкаме на кантролі, распрацаваныя графікі іх уводу. На аб'ектах стала прыкметна больш рабочых рук.


Калі з даўгабудамі справа ажывілася, дык пытанне якасці будаўніцтва застаецца адкрытым. На думку спецыялістаў, нарматыўнай базы ў краіне досыць, каб забяспечыць належную якасць работ. Усё ўпіраецца ў адказнасць усіх удзельнікаў працэсу.


32 500 дэфектаў выявіў летась дзяржбуднагляд. Па 236 аб'ектах выдалі матываваныя адмовы ў прыёмцы. Практыка паказвае, што дэфекты выявіць лёгка, складаней прымусіць падрадчыка іх ухіліць. Штрафы, суд, неаплата работ… Падрадчык павінен забяспечваць якасць рублём. Гэта дзейсны інструмент. Прапановы ўжо на гэтым тыдні кіраўнік групы абмяркуе з банкірамі і страхоўшчыкамі.


Актуальная і тэма гарантыйных абавязацельстваў. Прапанова камітэта дзяржкантролю - мець кантрактныя адносіны паміж арганізацыяй, якая эксплуатуе, і падрадчыкам. Гэта скароціць тэрміны ліквідацыі дэфектаў, якія выявіліся падчас эксплуатацыі дома.


Справаздачы рэгіёнаў увайшлі ў практыку працы групы. Сёння адказвала Віцебская вобласць. У рэгіёне 35 праблемных дамоў, гэта значыць дамоў з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. Іх безумоўны ўвод сёлета намстарш аблвыканкама Анатоль Дзіулін гарантаваў. Праўда, у цуды будаўнічай эквілібрыстыкі мала хто паверыў. З 1 ліпеня ў грамадзян з'явілася магчымасць далучыцца да рашэння будаўнічых праблем. Пачаў працаваць тэлефон даверу. На нумар 2-100-190 ужо паступіла каля 800 званкоў. Вызначаны 65 гарачых пунктаў на будаўнічай карце Беларусі. Усе атрыманыя звесткі стануць прадметам дэталёвага аналізу рабочай групы. Паведамленні на гарачую лінію будуць прымаць да 1 верасня з 8:30 да 17:30.