Пытанні захавання папуляцыі суслікаў вырашаюць навукоўцы

30 октября 2019
Знайсці і захаваць сусліка. Гэта не проста  заданне  з віртуальнага заалагічнага квесту, а рэальная задача навукоўцаў і спецыялістаў прыродааховы Мінскай вобласці. Колькасць папуляцыі рэдкага віду  грызуноў  імкліва падае. Звярок  занесены  ў Чырвоную кнігу. Падчас пошукавых экспедыцый самыя вялікія калоніі  суслікаў выявілі ў Нясвіжскім раёне. З-за рэзкага пацяплення рэдкія прадстаўнікі беларускай фаўны выйшлі са спячкі, у якую ўпалі ў верасні. Ілья Цвяткоў  скарыстаўся  гэтай паўзай і выехаў на пошукі беларускіх суслікаў.

Лёсам аднаго з самых буйных і рэдкіх грызуноў Сяргей Шакала зацікавіўся два гады таму. На пошукі крапчатага сусліка ў родным Нясвіжскім раёне арнітолаг выйшаў гэтай вясной. Экспедыцыю арганізаваў сумесна са спецыялістамі “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. 

Згодна з прыблізнымі падлікамі, на тэрыторыі Беларусі засталося не больш за некалькі тысяч асобін сусліка. Знікненне грызуна можа прывесці да змяншэння папуляцыі драпежных птушак.

Селяцца жывёлы пераважна на шырокіх лугах з нізкай травой. Менавіта ў такіх месцах суслікам прасцей будаваць падземныя апартаменты і хавацца ад небяспечных суседзяў. У першую чаргу ад катоў.

У топе тых, хто палюе на суслікаў,  на другім месцы ліса. Кемлівыя драпежнікі ствараюць каля норак маленькіх жывёлін сапраўдныя гарады.

Чалавек таксама шкодзіць суслікам. Менавіта з-за ўзворвання палёў адбываецца масавае знішчэнне звяркоў.

На думку навукоўцаў, каб захаваць папуляцыю сусліка і іншых рэдкіх грызуноў (дзікага хамяка і вавёркі-палятухі), да праблемы трэба прыцягваць увагу. У Нацыянальнай акадэміі навук рэгулярна праходзяць адукацыйныя лекцыі. А ў Нясвіжскім музеі-запаведніку шукаць незвычайнага звера разам з турыстамі збіраюцца падчас экалагічных экскурсій.

У замку да наступнага летняга сезона падрыхтуюць і сувенірную прадукцыю. Госці палацава-паркавага ансамбля змогуць набыць міні-скульптуры і дэкаратыўны посуд з выявай рэдкага для Беларусі насельніка прыроды.