Узброеныя Сілы Беларусі хутка адзначаць векавы юбілей

17 февраля 2018

Маштабная падрыхтоўка да мерапрыемства працягваецца. Сёння ў гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна" прайшла генеральная рэпетыцыя святкавання гэтай падзеі. На імправізаваным полі бою арганізатары аднавілі падзеі аднаго з перыядаў Вялікай Айчыннай вайны - Віцебскай аперацыі. Таксама гледачы ўбачылі рэканструкцыю баталій афганскай кампаніі.

Ужо ў наступную суботу ў гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна" адзначаць 100-годдзе Узброеных Сіл Беларусі. Госці свята змогуць убачыць рэканструкцыі баёў розных часоў. Таксама будуць прадэманстраваны ўзоры сучаснай ваеннай тэхнікі. І, вядома, інтэрактыўныя зоны - наведвальнікі змогуць праверыць свае сілы ў стральбе, а таксама зборцы зброі.

У Мар’інай Горцы сёння таксама праходзілі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя стагоддзю Узброеных Сіл Беларусі. Гледачам свае навыкі прадэманстравалі байцы-разведчыкі і вайскоўцы-альпіністы. Таксама госці маглі ўбачыць рэканструкцыю бою часоў Вялікай Айчыннай вайны і наведаць выставу ваеннай тэхнікі і экспазіцыю музея Вялікай Айчыннай вайны.