Чароўная вандроўка па зорным небе пад купалам мінскага планетарыя

3 января 2017

Чароўная вандроўка па зорным небе пад купалам мінскага планетарыя і віртуальнае знаёмства з нябеснымі свяціламі. Першы беларускі сферычны мультфільм распрацоўваюць сталічныя дызайнеры і рэжысёры. Галоўныя героі - мышаняты - будуць блукаць па Месяцы і распавядаць гледачам пра яго фазы. Як захапленне астраноміяй стала адукацыйным мультыплікацыйным праектам, раскажа Аляксандра Драгун.

Першыя сузор'і на начным небе Андрэй Шохан разгледзеў у мінскім планетарыі. Пасля вандраванне па «касмічным аазісе» стала хобі. Спачатку малады чалавек захапіўся астрафатаграфіяй, захоўваючы на паперы чароўныя выявы нябесных цел і багатыя на зоры кавалкі начнога неба. А цяпер займаецца амбіцыйным праектам – манціруе першы беларускі сферычны мультфільм.

Галоўныя героі на здымачнай пляцоўцы – Піп і Скрып - мышаняты з лямцу. Хвастатыя сябры будуць блукаць па Месяцы і распавядаць гледачам пра яго фазы. Паводле сюжэта мультфільма, жоўтую поўню з дзіркамі грызуны памылкова прынялі за апетытную галоўку сыру. Аўтары лямцавых лялек, папяровых месяцаходаў і дэкарацыі – беларускія рэжысёры.

Рабочая назва паўнакупальнага мультфільма - «Мышаняты і Месяц». Зараз відэаінжынеры працуюць над мантажом. Дарэчы, у гэтага фільма будзе нават свой трэйлер. Працягласць жа анімацыйнай лекцыі - 20 хвілін.

Падарожжы па космасе разлічаныя для дзяцей ад пяці гадоў. Падчас такіх зорных сеансаў гледачы ў даступнай форме знаёмяцца з астранамічнымі аб'ектамі – Месяцам, Сонцам. Дарэчы, дзякуючы сучаснаму абсталяванню амаль тры гады на даху планетарыя транслююць сферычнае кіно. Гэта дае магчымасць бачыць выяву вакол сябе.

 У сферычным кіно спецыяльныя праектары транслююць выяву на купал з аглядам 360 градусаў. Беларускі мультфільм «Мышаняты і Месяц» будзе менавіта такім. З высокай дакладнасцю адлюстравання – 4к.

Мантаж беларускага паўнакупальнага мультфільма завершаць на  пачатку лютага. Затым над відэа пачнуць працаваць гукаінжынеры. Дарэчы, аўтары спадзяюцца, што айчынным сферычным кіно зацікавяцца замежныя планетарыі, бо захапленне паўнакупальнай анімацыяй з кожным годам пашыраецца.