Чароўная навагодняя фотазона - на чыгуначным вакзале сталіцы

19 ноября 2019
Дадатковая, дзявятая платформа і свой вакзал у стылі Гары Потэра. На станцыі "Мінск-Пасажырскі" з'явілася навагодняя фотазона. Тут размясцілася зала чакання з чароўнымі кнігамі, чамаданамі і совамі, імправізаваная платформа з рэйкамі. Побач на “масквічы” Дзед Мароз чакае сваіх пасажыраў. Госці беларускай сталіцы могуць наведаць рэтравакзал і зрабіць там каларытныя фотаздымкі. Тэматычная зона знаходзіцца на трэцім паверсе будынка.

Тым часам у сталіцы паступова з'яўляюцца навагоднія дрэвы. Галоўная елка краіны на Кастрычніцкай плошчы ўжо цалкам сабрана. Спецыялісты пачнуць яе ўпрыгожваць. Таксама ў зялёныя "сукенкі" апранулі каркасы дрэў ля філармоніі і Нацыянальнай бібліятэкі. Хутка пачнецца мантаж святочнай ілюмінацыі, якую сёлета запаляць чатырнаццатага снежня.