Навагодні падарунак паднеслі Магілёўскаму заасаду валанцёры сталічнай арганізацыі аховы жывёл. Яны выкупілі са зверафермы дзвюх чорна-бурых лісіц і перадалі іх агралесатэхнічнаму каледжу, на балансе якога і знаходзіцца заасад. Зараз яны будуць жыць у зручным і прыстасаваным вальеры і радаваць наведвальнікаў парка круглы год. Паводле слоў адміністратараў, новыя жыхары заасада любяць беларускія яблыкі і зусім не баяцца людзей.
У Магілёўскім заасадзе сёння захоўваюць некалькі дзясяткаў відаў рэдкіх жывёлін, якія занесены ў Чырвоную кнігу. І ў гэтыя святочныя дні парк стаў упадабаным месцам адпачынку гараджан і гасцей абласнога цэнтра.













