З валанцёрамі сустрэлася Ксенія Рабчынская.
Нават нягледзячы на тое што матчы для іх не адпачынак, а праца, валанцёры на чэмпіянаце свету ўсе эмоцыі падзяляюць з балельшчыкамі. Хакейных фанатаў шмат і яны розныя, як і просьбы на ўсіх мовах свету - кожнага трэба выслухаць і дапамагчы. Не абыходзіцца і без анекдатычных сітуацый.
А яшчэ даводзіцца разбірацца ў спрэчных пытаннях: напрыклад, хтосьці на Арэне заняў не сваё месца, плюс тлумачыць практычна кожнаму балельшчыку, як знайсці свой сектар. Часу, каб прысесці, у валанцёраў літаральна няма.
Для таго каб працаваць на чэмпіянаце, прытым на чыстым энтузіязме, валанцёры прайшлі сур'ёзны кастынг, у тым ліку здалі тэст на веданне замежнай мовы. Ужо пасля іх размеркавалі па розных пунктах у горадзе. Толькі ў фан-вёсцы сёння працуюць больш як 350 валанцёраў.
Сяргей Руды, намеснік Міністра адукацыі Беларусі: Добрасумленнае такое стаўленне да гасцей, да іх размяшчэння, абслугоўвання, нават у нестандартных сітуацыях кожны, хто тут працуе, прымае правільнае рашэнне.
Зрэшты, юнакоў і дзяўчат, гатовых дапамагчы ў любым пытанні і амаль на любой мове, можна сустрэць у любым пункце горада і нават у гасцініцах.
Ксенія Воўк, валанцёр на чэмпіянаце свету - 2014: Элементарныя пытанні: як прайсці ў найбліжэйшы супермаркет, якія цікавыя мясціны ў нашай сталіцы. Але паколькі ў нас чэмпіянат па хакеі, і да нас прыехалі сапраўдныя мужчыны, то яны, вядома, самастойныя.
Усяго ў гэтай гасцініцы ў цэнтры Мінска працуе 6 валанцёраў у 2 змены - з 8 раніцы і да позняй ночы, па 2 чалавекі ў кожнай. Крыху іншы графік у тых, хто дапамагае турыстам у зонах гасціннасці, тут валанцёры адказваюць на пытанні балельшчыкаў з 10 раніцы да 22 гадзін.
У зоне гасціннасці каля Палаца спорту працуюць усяго 3 валанцёры, але іх вельмі лёгка заўважыць у натоўпе дзякуючы чырвоным курткам. Яны прызнаюцца, што часцей за ўсё пытаюцца нават не дарогу, а просяць сфатаграфавацца.
А яшчэ валанцёры раздаюць турыстам карты Мінска і турыстычныя буклеты абсалютна бясплатна. І гавораць - ніводны дзень не падобны на іншы.
Тыя ж эмоцыі - і такі ж пазітыўны зарад у вачах у валанцёраў, якія працуюць у фан-зоне каля Мінск-Арэны.
Усяго ў Мінску гэтымі днямі працуюць 1200 валанцёраў. Але, як гавораць самі іншаземцы, нават калі паблізу не назіраецца чалавека ў чырвонай куртцы, ім на дапамогу прыходзяць прахожыя. Веданне англійскай неабавязковае - беларусы проста бяруць госця за руку і праводзяць у пункт прызначэння.














