Хваля сезонных інфекцый і меры па барацьбе з каранавірусам - тэмы ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта

20 марта 2020

Прэзідэнт: Зрабіць усё, каб нашы грамадзяне-падарожнікі маглі апынуцца дома ў найбліжэйшы час 

Эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі: хваля сезонных інфекцый і сістэмныя меры па барацьбе з каранавірусам. Напярэдадні гэтыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта.
Да размовы аб прагнозах і выпрацоўцы плана дзеянняў Аляксандр Лукашэнка далучыў не толькі кіруючых асоб Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі і Міністэрства аховы здароўя, але і ўрачоў-практыкаў: эпідэміёлагаў і вірусолагаў. У сувязі з закрыццём меж шматлікіх краін, Прэзідэнт даў даручэнне зрабіць усё, каб нашы грамадзяне-падарожнікі маглі апынуцца дома ўжо ў найбліжэйшы час. Створаны неабходны запас лекаў, ахоўных касцюмаў і сродкаў індывідуальнай аховы. Дастаткова  і тэст-сістэм для вызначэння інфекцыі. Наладзяць вытворчасць айчынных рэспіратараў.
 

Урачы  і адпаведныя службы зараз робяць усё неабходнае, і кантроль слабець не будзе

Што датычыцца мяжы, то арганізуюць так званыя зялёныя калідоры для велікагрузаў, якія ідуць  транзітам праз Беларусь. У Мінску з-за каранавіруса зменяць расклад грамадскага транспарту і пачатак заняткаў у ВНУ. Спецыялісты-вірусолагі па выніках нарады распавялі,  як ідзе абмен інфармацыяй з замежнымі калегамі, як зараз сябе адчуваюць пацыенты з дыягназам "каранавірус" і наколькі эфектыўна працуе беларуская сістэма аховы здароўя.
Прагучалі меркаванні розных спецыялістаў-практыкаў. Усе іх ініцыятывы Кіраўнік дзяржавы падтрымаў. Сярод самых папулярных  рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя - асабістая гігіена, кожны чалавек павінен разумець адказнасць, клапаціцца аб сабе і сваіх блізкіх. Калі ёсць магчымасць пабыць у самаізаляцыі, асабліва гэта датычыцца людзей пажылога ўзросту, то не варта грэбаваць ёю.