Ваенна-патрыятычны клуб у Крупках

29 января 2015

Яны без праблем назавуць імёны тых, хто вызваляў родныя Крупкі падчас Вялікай Айчыннай.

А яшчэ з лёгкасцю прадэманструюць трывалыя веды асноў страявой падрыхтоўкі. Ваенна-патрыятычны клуб у Крупках адзін з самых папулярных гурткоў у мясцовых школьнікаў.

Прымаюць сюды не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. Антаніна Станкевіч пабывала на занятках.

Не ўсё атрымліваецца зладжана і з першага раза, але па ўсім бачна: дысцыпліна тут, у клубе, жалезная. Інакш і быць не можа, нягледзячы на ўсю рамантыку. Усё ж такі ваенна-патрыятычны клуб – арганізацыя сур’ёзная.

У раскладзе заняткаў асновы страявой падрыхтоўкі, работы са зброяй, тэарэтычныя заняткі і фізічная падрыхтоўка. Прычым, здаюць нарматывы і хлопчыкі, і дзяўчынкі.

Але самыя любімыя заняткі ў дзяцей – са зброяй. Ну якому хлопчыку не спадабаецца патрымаць у руках аўтамат. І нават выканаць нарматыў не горш за дарослых. Навучаць любога!

Заняткі праходзяць на тэрыторыі сапраўднай вайсковай часці. А значыць хлопчыкі на свае вочы могуць убачыць, што такое армія і прафесія ваеннага.

Займаюцца зараз два разы на тыдзень па некалькі гадзін. А ўжо ўлетку школьнікам абяцаюць арганізаваць сапраўдныя палявыя зборы на некалькі дзён з палаткамі і салдацкай кашай.