Атмасфера свята адчуваецца і на "Лініі Сталіна". У месцы, дзе прынята адзначаць знакавыя гістарычныя даты, напярэдадні Дня Перамогі прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя "Бітва за Берлін". Дзясяткі залпаў гармат, сотні выстралаў і шквал артылерыйскага агню. У пастаноўцы ўдзельнічалі больш за 120 чалавек. З падрабязнасцямі Таццяна Кароль.
Без машыны часу, мабыць, у галоўную вясну XX стагоддзя. На "Лініі Сталіна" напярэдадні аднавілі адну з вырашальных бітваў Другой сусветнай.
Гэта ўзяцце Берліна. Зразумела, што ў паменшаных маштабах. Ажывіць экспанаты пад адкрытым небам змаглі 120 рэканструктараў. У баі ўдзельнічаюць дзесяць адзінак ваеннай тэхнікі: легендарныя танкі Т-34 і БТ-7, нямецкі Пц-38, савецкія супрацьтанкавыя гарматы, гаўбіцы і мінамёты. За гукавыя эфекты адказваюць некалькі сотняў кілаграмаў піратэхнікі.
71 год таму такі сігнал як "высадка салдата з танка" нельга было назваць нарматывам. Яго проста не існавала. Бо ад кожнай секунды залежала жыццё чалавека. Выдатным лічыцца і мой вынік - 25 секунд на тое, каб пакінуць машыну. І свой асабісты рэкорд я ўстанаўліваю ў мірны час.
Хоць крыху адчуць прыналежнасць да той Перамогі сёння тут дапамагалі і дзясяткі інтэрактыўных пляцовак: ад фотазон да музея. Пакуль адны размалёўвалі танк і ў літаральным сэнсе дакраналіся да гісторыі, другія спрабавалі сябе ў савецкім комплексе нарматываў, вядомым як ГПА - "Гатовы да працы і абароны": кідалі гранату, стралялі і пераадольвалі паласу перашкод. Разам з бацькамі і малышы. Для іх гэта пакуль не страшны напамінак аб мінулым, а… гульня.
Па традыцыі на "Лініі Сталіна" свята завершыцца толькі вечарам 9 мая. Сёння і заўтра тут таксама пакажуць рэканструкцыю і абавязкова будуць гаварыць пра Перамогу.













