Вадзіцелям і пешаходам сёння варта быць асабліва ўважлівымі

28 декабря 2015

У Беларусь за чатыры дні да Новага года нарэшце прыйшлі снегапады. Ападкі пачаліся ўчора позна ўвечар практычна па ўсёй краіне, акрамя паўночнага ўсходу рэспублікі. Праз вялікую колькасць снегу ўтварыліся намеці. Але трафік у Мінску да гэтай хвіліны пакуль абыходзіцца без затораў. Надзвычайных здарэнняў таксама не зафіксавана. На вуліцах гарадоў на ўсю моц працуе прыбіральная тэхніка: расчышчаюць не толькі цэнтральныя праспекты, але і спальныя раёны. Дарогі пасыпаюць рэагентамі. І тым не менш на трасах - моцны галалёд.

Вадзіцелям сёння варта быць асабліва ўважлівымі, як і пешаходам пры пераходзе дарогі: тармазны шлях у машын пры такіх умовах павялічваецца ў некалькі разоў. Медыкі папярэджваюць тых, хто забыў, што такое снег, пра галалёдныя траўмы. Сёння апусцілася і тэмпература. У сярэднім зараз па краіне мінус тры градусы. А ў навагоднюю ноч абяцаюць да васьмі марозу і невялікі снегапад.