Ва ўсіх навучальных установах Мінска з'явяцца секцыі па шахматах

3 ноября 2016

Вывучаць не толькі тэарэмы, але і камбінацыі шахматных хадоў. Ва ўсіх навучальных установах Мінска з'явяцца секцыі і факультатыўныя заняткі па шахматах.

Такую ініцыятыву Беларускай федэрацыі шахмат падтрымала і Міністэрства адукацыі. Для навучэнцаў школ і гімназій закуплены неабходны інвентар. Зараз вядзецца набор дзяцей, якія жадаюць паспрабаваць свае сілы ў гульні на логіку. Наталля Кузьміцкая прадоўжыць тэму.

Не проста 64 клеткі і 32 фігуры, а сапраўднае поле бою і драўляныя воіны, якія абараняюць караля. Менавіта ў такой гульнявой форме Таццяна Дудко знаёміць з шахматамі сваіх навучэнцаў.

Першыя адкрытыя заняткі прайшлі на пачатку кастрычніка, як кажуць, на ўра. Зараз шахматны факультатыў нават падчас канікул з задавальненнем наведаюць 20 школьнікаў. На наступны год у планах стварыць некалькі груп для рознага ўзросту

Ідэя дапоўніць школьную праграму шахматнымі заняткамі з'явілася падчас леташняга візіту ў нашу краіну старшыні Міжнароднай шахматнай федэрацыі Кірсана Ілюмжынава. Зараз распрацавана праграма навучання, падрыхтаваны спецыялісты, якія пазнаёмяць дзяцей з магіяй шахмат і магчымасцямі, якія можна развіць падчас гэтай цікавай інтэлектуальнай гульні.

Самыя таленавітыя і празорлівыя вучні ў выніку змогуць папоўніць рады шахматыстаў федэрацыі. А праз гэта магчыма дасягнуць узроўню Карпава ці Каспарава, або генія сучаснасці гросмайстра Магнуса Карлсэна. Пакуль для адных гэта толькі захапленне, для іншых - прафесійны спорт. З турнірамі і лігамі. Летась шахматы зрабілі доўгачаканы пераможны алімпійскі крок. У 2018 годзе гэты від спорту будзе прадстаўлены на зімовых Гульнях у паўднёвай Карэі.