Падчас чэмпіянату зайсці ў Інтэрнэт можна будзе амаль з любога пункта Мінска

1 апреля 2014
Ужо сёння ў сталіцы налічваецца больш за 50 000 пунктаў доступу ў Інтэрнэт. Большая частка з іх у кафэ, барах і рэстаранах, але ўжо сёння зайсці ў Інтэрнэт са свайго смартфона можна проста на вуліцы. Абзавяліся бесправадным Інтэрнэтам і абедзве лядовыя пляцоўкі. Карту пунктаў убачыла Ксенія Рабчынская.

Каб знайсці на карце Мінска Нацыянальную бібліятэку, даведацца пра расклад аўтобусаў і ў рэжыме анлайн праверыць вынікі матча, не трэба захадзіць у найбліжэйшае кафэ і падлучацца да Wi-Fi: Інтэрнэт знойдзе карыстальніка сам. У Мінску ўжо да чэмпіянату свету пункты доступу - так званыя хот-споты - з'явяцца проста на вуліцы.


Сяргей Туромша, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП Белтэлекам: Мы на сённяшні дзень не прэтэндуем на тое, што да ЧС у нас будзе дывановае пакрыццё Wi-Fi, як, скажам, у сотавых аператараў тэхналогія 3G, але тое, што Wi-Fi па самых значных вуліцах - праспект Незалежнасці, праспект Машэрава, праспект Пераможцаў, - гэта адназначна, Wi-Fi там будзе.


Выходзіць Wi-Fi сёння і за межы Мінскай кальцавой - па краіне налічваецца больш за 190 000 пунктаў доступу. Большасць - хот-споты ў кафэ, барах і рэстаранах. Гэта ўжо не модная тэндэнцыя на Захадзе, а, хутчэй, звыклы камфорт. Але быць або не быць Wi-Fi ва ўстанове нават падчас галоўнага хакейнага першынства, вырашае выключна ўладальнік кафэ.


Святлана Шыцікава, галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ДУ Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама: Мы стала маніторым аб'екты грамадскага харчавання, заўсёды нагадваем, ёсць рэкамендацыі, зацверджаныя рашэннем Мінгарвыканкама, і сярод іншых - гэта паслуга падавання Wi-Fi - бесправаднога Інтэрнэту.


Зразумела, што ў цэнтры ўвагі гасцей чэмпіянату будуць не кафэ, а месцы, дзе пройдуць хакейныя баталіі. Wi-Fi ўжо сёння абзавяліся і Мінск-, і Чыжоўка-арэна. На кожнай усталявана больш за сотню хот-спотаў. Для журналістаў, акрэдытаваных на спартыўны форум, доступ у Інтэрнэт у прэс-цэнтрах і гасцініцах будзе бясплатны.
І ўжо падчас чэмпіянату свету сфатаграфавацца, напрыклад, на каруселі і тут жа адправіць сваё фота ў сацыяльныя сеткі зможа абсалютна кожны. Wi-Fi, згодна з планамі, з'явіцца і ў адным з цэнтральных паркаў Мінска. Праўда, не варта забывацца на тое, што доступ у Інтэрнэт магчымы толькі пры наяўнасці спецыяльнай карты. Яе, абяцаюць спецыялісты, можна будзе купіць амаль усюды.
Пункты продажаў адкрыюцца ў тым ліку і ў арэнах: намінал - ад 60 хвілін да 5 сутак, кошт - ад 1 400 да 32 000 рублёў. Карты неабходныя ў першую чаргу для таго, каб кожны карыстальнік прайшоў рэгістрацыю ў сетцы Інтэрнэт. І ўжо пасля смартфон і прастора 3W. Зараз у Мінску больш за 50 000 хот-спотаў, да чэмпіянату Wi-Fi з'явіцца на ўсіх вакзалах, у некаторых гандлёвых цэнтрах і музеях. Зразумела, і пасля заканчэння галоўнага хакейнага першынства доступ у Сусветную сетку працягне пашырацца. У планах Белтэлекама - 400 000 хот-спотаў па краіне да канца 2014.