У Палацы Рэспублікі прайшла кульмінацыя акцыі "Нашы дзеці" - Галоўная ёлка краіны

27 декабря 2019
Лепшыя традыцыі беларусаў працягваюцца ў добрых справах! У Палацы Рэспублікі прайшла кульмінацыя навагодняй акцыі "Нашы дзеці" - Галоўная ёлка краіны. На вялікае свята прыехала больш як дзве тысячы дзяцей - пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. Гэта і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы дамоў-інтэрнатаў. Падарыць радасць і хатняе цяпло такім малым і падлеткам - галоўная мэта ўрачыстасці. На свята прыехаў і Аляксандр Лукашэнка. Менавіта з падачы Прэзідэнта з'явілася такая добрая навагодняя традыцыя.

Дарэчы, сёлета акцыя "Нашы Дзеці" адзначае юбілей! Марафону дабра 25 гадоў! Таксама Аляксандр Лукашэнка папрасіў юнае пакаленне не толькі марыць і рухацца наперад, але і берагчы бабуль, дзядуль, бацькоў - усіх хто прымае ўдзел у іх лёсе. І ў цэлым для дзяцей такое свята - добры спосаб расказаць аб патаемным і жаданнях. 

Свята без падарункаў не бывае! Усе госці Галоўнай ёлкі краіны атрымалі салодкія гасцінцы. Падрыхтавалі сюрпрыз Аляксандру Лукашэнку і самі дзеці - пано "Калядны анёл", якое зрабілі сваімі рукамі вучаніцы віцебскай гімназіі, і кампазіцыю "Музыка гучыць" - увасабленне казачнага аркестра мышэй-музыкантаў. Героі таксама зробленыя ўручную з ільну.